Відавочна, што Уільям Фолкнер, калі пісаў вялікі цыкл раманаў пра амерыканскі Поўдзень, знаходзіўся пад уплывам трылогіі Генрыка Сянкевіча. А павінен быў шукаць натхнення ў творчасці Элізы Ажэшкі. Ён жа не ствараў казку на гістарычным фоне – як і яна, ён гаварыў пра драму штодзённасці, пра час, калі людзі амаль не знаходзяць сэнсу, губляючы пачуццё ўкаранёнасці ў сучаснасці і ў мінулым.
Польская літаратура многім абавязана гродзенскай пісьменніцы, якая сёння маргіналізавана чытачамі, хоць і высока ацэнена даследчыкамі (дакладней: навукоўцамі), і не толькі з пункту гледжання фемінізму, які вельмі модны сёння. Уражвае колькасць мастацкіх і публіцыстычных твораў—больш за 50 тамоў прозы, 9 тамоў карэспандэнцыі, некалькіх дзясяткаў публіцыстычных і крытычна-літаратурных артыкулаў ,— у якіх Эліза Ажэшка стварыла хвалюючае сведчанне жыцця на крэсах у канцы ХІХ — пач. ХХ ст. Яна дасканала ўпісалася ў ідэалы эпохі. Яе ўласная мадэль літаратуры адпавядала формуле Тэна аб расе, гістарычным моманце і навакольным асяроддзі – героямі былі жыхары памежнай зоны (палякі – літоўцы – беларусы -яўрэі) на фоне вызначанай (геаграфічнай і прыроднай ) прасторы, паказаныя ў перыяд вялікіх культурных змяненняў. У дысертацыі па творчасці Тамаша Тэадора Ежа яна апублікавала фрагмент з яго рамана, у якім заключаецца вельмі блізкае ёй разуменне «малой радзімы»:
Чалавек так глыбока прывязаны да ўсяго свайго, што, калі гэта адбіраеш у яго, ён спачатку губляе павагу да сябе, а потым да ўсіх і ўсяго (…). Гэта кароткае , але глыбокае азначэнне выразна тлумачыць маральныя няўдачы вандроўных народаў і людзей, вырваных з чэрава найцудоўнейшай жамчужыны чалавечых пачуццяў…
Надаючы гэтаму сведчанню ўніверсальнае вымярэнне, яна без ваганняў раскрыла ўсю складанасць жыцця ў полікультурным асяроддзі, якое падуладна ціску часу і гісторыі і ўяўляе сабой прастору страху, напружання і пастаяннай небяспекі. На вачах пісьменніцы і яе сучаснікаў рамантычны міф пра літоўска-беларускую ідылічную прастору лопаўся і рассыпаўся. Народжаны з тугі эмігрантаў і вымушаных выгнаннікаў з раю дзяцінства, аберагаемы як найсвяцейшая памяць аб айчыннай традыцыі, ён ўвесь час сутыкаўся з рэальнымі ўмовамі жыцця на памежжы. Ён не вытрымаў цяжару паўсядзённасці, якая дзень за днём насыпала на ім курган забыцця, занядбанасці і знявагі. У другой палове ХІХ ст. Літва рабілася для значнай часткі палякаў невядомай зямлёй, якая нанава адкрывалася пісьменнікамі (Я. І. Крашэўскім, А. Пшэздзецкім), рэдка (з цэнзурных меркаванняў) узгадвалася , напрыклад, у папулярнай дагэтуль “Песні пра наш край” Вінцэнта Поля. Для жыхароў іншых анэксіраваных мясцовасцей ”За Нёман, прэч” азначала далей, чым можна сабе ўявіць. Занадта далёка ад таго, што яшчэ можна было б лічыць польскім, занадта далёка ад цэнтраў еўрапейскага ці сусветнага жыцця.

У прыватнай перапісцы яна ўпарта і без сантыментаў пісала пра сваю адзіноту і адасобленасць. Яна жыла ў літаратурнай і культурнай адасобленасці, амаль не падарожнічала, вяла вельмі ўпарадкаваны лад жыцця. Адсутнасць непасрэдных кантактаў кампенсавалася інтэнсіўнасцю чытання, самаадукацыяй , узноўленай шматгадовай перапіскай з людзьмі навукі і культуры. Не пакінула па-за ўвагай і сацыяльных даследаванняў— этнаграфічных і лінгвістычных , што дазволіла ёй бліжэй пазнаёміцца з наднёманскім людам. Сваім высокім літаратурным становішчам яна была абавязана толькі сабе, заваявала яго дзякуючы сваёй апантанасці працай і нязгаснай прагай да вывучэння свету, асабліва таго, які ёй быў даступны.
Гражына Баркоўская, яе выдатная даследчыца, калі стварала духоўны партрэт пісьменніцы, не вагаючыся, напісала так: “Яна была сапраўднай, бясспрэчнай велічнасцю, жанчынай- самародкам , бадай, самай знакамітай еўрапейскай пісьменніцай, якая нарадзілася ў ХІХ стагоддзі, глыбейшай за Жорж Санд, больш рознабаковай, чым Жорж Эліёт, […] хоць, нягледзячы на шматлікія пераклады на асноўныя і экзатычныя мовы свету, недастаткова вядомай і недастаткова ўшанаванай.
У духоўнай біяграфіі Элізы Ажэшкі важна падкрэсліць яе жыццёвы шлях, незалежнасць, якая сфарміравала яе —шляхцянку, спадчынніцу — як чалавека, які свядома будуе жыццё, незалежна ад паходжання і звязаных з ім умоўнасцей, прымаючы на сябе адказнасць за ўчынкі і словы. Яна стала такім узорам для будучых пакаленняў, асабліва для жанчын.
Абмежаванасці , закладзеныя ў біяграфіі мастака, вызначаюць суму магчымага жыццёвага вопыту і, відавочна, фарміруюць бачанне прасторы, перададзенае ў яго творах. Пра Ажэшку часта можна пачуць , што яна стварыла замкнёны, ізаляваны і таму не вельмі цікавы свет. Творы аўтара «Над Нёманам» адлюстроўваюць пэўнае бачанне свету і адчувальнасць да канкрэтнага тыпу ландшафту, але важна, што яна надае ім кожны раз новы сэнс. Калі мы пастараемся і прыгледзімся да яе твораў : ад гарадской прасторы “Марты” або“Сям’і Брахвічаў”, праз наднёманскія пейзажы, напрыклад, у “Хаме”, да сінтэтычнага бачання памежжа ў “Gloria victis!”(Слава пераможаным!), то стане заўважным пастаяннае перамяшчэнне ёю ўяўных і інтэлектуальных межаў. Што тычыцца ўзорнай прадстаўніцы рэалізму ХІХ стагоддзя, то гэта асабліва важна, бо азначае паслядоўнае мадэляванне эстэтыкі рамана ў бок міфа, алегорыі або сімвала.Гэта эвалюцыя — не толькі змяненне спосабу бачання аднаго і таго ж ландшафту, але і значнае пашырэнне поля зроку, асабліва заўважнае з канца 1880-х гадоў. У большасці твораў Ажэшкі, напісаных у той час, пейзаж напоўнены чытаннем знакаў з «Аблічча Маці». Справа не толькі ў тым, што – як піша Юзэф Бахуж —ён пазбаўлены хоць якой-небудзь экзотыкі, і сярод “лясных пагоркаў і палёў, дзе “сядзяць рэдкія грушы, сярод зялёных лугоў, шырока раскінутых над блакітным Нёманам”, — польскі чытач не можа збіцца са шляху , але ў больш глыбокім разуменні таго,што адбываецца дзякуючы добра прадуманай (з прычыны цэнзуры) камунікацыйнай стратэгіі.

Ажэшка глыбока пераканана, што навакольная прырода — гэта тая матэрыя, праз якую творца мае зносіны з чалавекам, перадаючы яму розныя знакі. У нарысе пад назвай «Аблічча Маці» (1899) чытаем: “Ёсць на свеце маці, агульная для ўсіх дзяцей, тых, хто быў і пайшоў з жыцця, ёсць і адыдзе, вялікая маці, добрая і прыгожая (…) Усё, што на ёй падымаецца ўверх ці сплывае долу, расце, цвіце, цячэ, пахне, спявае, адзываецца любым голасам – гэта яе аблічча”.
У польскай літаратуры ХІХ стагоддзя прастора характарызавалася часцей за ўсё двума спосабамі. Найперш яна падзялялася на польскую і ўсю астатнюю, дастаткова было ўжыць у творы ўласную назву: «Вільня», «Нёман», «Вісла», і чытач адразу спасцігаў правіла разумення цэлага. Другі спосаб, больш цяжкі для выяўлення цэнзарам, палягаў у эмацыйным выдзяленні прыроднай прасторы, звычайна гістарычна пазначанай, якая несла ў сабе памяць пакаленняў, таму магілы, помнікі ці іншыя формы «памяці» мелі такую важную функцыю. Ужо ў рамане “Над Нёманам”, а пазней — у раманах “Аўстраліец” і “Два полюсы” , а таксама ў іншых аповесцях ці апавяданнях, У “Абліччы Маці» (1899), у цудоўным гімне ў гонар роднай ракі —у творы “Нёман” (1905), які быў напісаны Ажэшкай напрыканцы жыцця, адбываецца атаясамліванне парадку Прыроды і Гісторыі. Прырода – здаецца , пераконвае аўтар – нібы гаворыць з намі сваімі цудамі і знакамі часу (гісторыі), запісанымі на зямлі. Уменне расшыфроўваць гэтыя знакі – першы і самы важны ўрок патрыятызму, бо так фарміруецца наша стаўленне да асноўных жыццёвых каштоўнасцей.У многіх творах яна выкарыстоўвала сваё захапленне мясцовым: збірала назвы, цікавілася народнай этымалогіяй прыроды, звычаяў, людзей і рэчаў. У этнаграфічнай замалёўцы пад назвай “Людзі і кветкі над Нёманам”(1890-1891) стварыла рэестр батанічных назваў, які адлюстроўваў фларыстычную рэчаіснасць мясцовасці, размешчанай над “хатняй”ракой, і ўскосна раскрываў багацце фантазіі і культуры народа, часткай якога яна заўсёды сябе адчувала. Вялікае значэнне яна надавала Нёману. У яе самым вядомым рамане (“ Над Нёманам”) усё добрае і прыгожае адбываецца ля ракі, метафарычнасць вады дазваляе выразна назваць чалавечыя страхі і хваляванні, але блакітныя воды – гэта перш за ўсё знак трансцэндэнтнасці (недасягальнасці), гэта абсалют, які моўчкі існуе ў гэтай прасторы, хоць людзі пра яго забываюць. Найдалей ад Нёмана знаходзіцца палац у Асоўцах, бліжэй за ўсё сядзіба ў Корчыне — і гэта тапаграфія мае вялікае значэнне ў рамане. У доме Карчыньскіх вокны гасцінай расчыняюцца на блакітнае неба і вялікую велічную ваду. Менавіта тут – праз зварот да прыроды і гісторыі (а дакладней памяці) у маладога пакалення быццам насуперак змрочнай рэчаіснасці нараджаецца воля да змен у жыцці.

Станіслаў Бжазоўскі пісаў пра гэты твор: «Ні ў адным іншым рамане я не адчуваў паху палёў і збажыны так, як у рамане “Над Нёманам” Гэта адна з найпрыгажэйшых польскіх кніг”. Хоць пазней ён называў аўтара «малодшай сястрой Міцкевіча», але не характарызаваў твор як крэсовую ідылію, затое пранікнёна акрэсліў эмоцыі , якія віруюць у героях: «У Ажэшкі я быццам адчуваю вялікі голад зямлі, тугу па шапаценні залатых пшанічных зерняў, сум закінутых, занядбаных палёў”. Нягледзячы на эпічны размах і чуласць да прыгажосці свету, раман распавядае пра вялікую няздзейсненасць, якая драматычна адчуваецца на многіх узроўнях існавання. Рэальныя небяспекі: пагроза страты зямлі, змяншэнне ўласнасці польскай шляхты на крэсах, цяжкасці гаспадарання ў пасляэкспрапрыяцыйнай рэчаіснасці, канфлікты сямейныя і суседскія, у тым ліку канфлікт пакаленняў, спалучаюцца тут з уяўнымі пагрозамі. Яны адпавядаюць напружанасці як выніку адарванасці ад традыцыі, шкадавання аб змарнаваным жыцці і каханні, страты сувязі з прыродай і- нарэшце- адсутнасці святасці ў жыцці герояў. Метафарычнай інтэрпрэтацыяй гэтых праблем з’яўляецца сон Бенедыкта Карчыньскага, у якім сядзіба спусташаецца чужымі і іх (польскімі) вайскамі і — як гэта адбываецца ў снах— вынішчэнне нельга прадухіліць. Ажэшка, паказваючы існаванне, пазбаўленае працягу , пазначанае пачуццём страты і шкадавання, спрабуе шукаць выратаванне. Святло яна канцэнтруе на маладым пакаленні. У іх ледзь акрэсленых біяграфіях пад яе пяром нараджаецца ўтапічны праект адраджэння праз працу, яднанне і вяртанне да памяці. Гэта Вітальд, малады Карчыньскі, які абвінаваціць свайго бацьку (і ўсё яго пакаленне) у здрадзе старым ідэалам. Ці можна яму давяраць? Ці паспапрабуе ён рэалізаваць іх у будучыні ў больш радыкальнай форме? Ніхто гэтага не ведае, хоць зерне было кінута. Вось Юстына Ажэльская, якая парывае з усім сваім ранейшым жыццём, адмаўляе прызначэнне і ўмоўнасці. Несумненна, што аўтар даручае ёй асаблівую місію. Пасля вяртання з магілы паўстанцаў дзяўчыне сніцца такі наднёманскі краявід: (…) яна плыла ўверсе і ахоплівала позіркам шырокі далягляд, такі шырокі, што яна добра бачыла і сядзібу Карчыньскіх, і ваколіцы, і ў густой зеляніне схаваную грабніцу легендарнай пары, і на другім канцы гарызонту сумную пясчаную пустыню, а за ёй, у замкнёным коле лясных пагоркаў, самотную вялікую магілу. Усё гэта было пагружана ў празрысты змрок, і яна, плывучы ўверсе, трымала ў руцэ лямпу… тую самую лямпу, якая ўчора ўвечары гарэла на альховай камодзе Анзэльма. Відаць, яна ўзяла яе адтуль і цяпер высока падняла, і яе промні, праўда, рэдкія і вузкія, падалі на дахі хат, кідалі залатыя ніткі на злучаныя сеткай платоў і сцежак падворкі , даходзілі да старажытнай грабніцы з аднаго боку, да занядбанай магілы з другога, асвятляючы іх і нібы звязваючы іх разам, злучаючы , як звёны ў адзіны ланцуг.
Утапічны праект пісьменніцы тычыцца таго, што ў рэчаіснасці крэсаў самае складанае і, як паказала гісторыя, немагчымае. Сон Юстыны — гэта яго алегарычная інтэрпрэтацыя — паўторымся: вялікі ланцуг жыцця, які звязвае людзей, прыроду і памяць.
Бжазоўскі пранікнёна пісаў: “У Ажэшкі ёсць адчуванне маральнага жыцця пэўнай эпохі. Эпохі, у якой усё сумленне яе народа абцяжарана мноствам нявырашаных пытанняў. Яна- нястомная памяць, быццам голас, які даносіцца з-пад магільнага кургана, пра які яна піша ў «Над Нёманам». Пад канец жыцця пісьменніца ўсё менш верыць у мэтанакіраванасць і маральнасць гісторыі. Яе герояў з цыклу апавяданняў «Меланхолікі» мучыць адчуванне цеснаты жыцця, няўпэўненасці існавання, нявер’е ў сэнс чалавечых намаганняў перад таямніцай існавання. Гэты сакрэт хвалюе таксама і яе. Яна задае сабе пытанне ў лекцыі пра Красіньскага: Што такое Сусвет? Адкуль і чаму існуе? Ці існуе і які ёсць яго Творца? (…) Якія элементы ствараюць гэты тонкі пылок сярод сусвету, імя якога: чалавек? Для чаго патрэбны гэты пылок? Ці існуе ён з нейкай мэтай? (…) Чаму чалавек пакутуе? Навошта пакутуюць нацыі? Чаму людзі і народы аказваюцца ў заняпадзе? Ці няма ўздыму пасля заняпаду? Няўжо няма выхаду з магілы? Якая сіла ўздымае пасля заняпаду? Які ключ адкрывае магілы?

Апошні твор, напісаны Ажэшкай і апублікаваны пасля яе смерці ў 1910 годзе,- серыя «Gloria victis!», прысвечаны паўстанню 1863 года. Такім чынам, яе жыццё і творчаць часова змыкаюцца. Цыкл малавядомы, перакладчыкі ім займаюцца нячаста, і ён лічыцца складаным. Як для пазітывісцкага коду творчасці занадта маладапольскі, а як для Маладой Польшчы занадта рэалістычны. З 6 песень ажно 5 у форме чужога апавядання—сведкамі мінулага нароўні з’яўляюцца людзі і дрэвы з літоўскай пушчы. Дзіўныя гэтыя апавяданні: з абрыўкаў памяці, урыўкаў размоў, выцвілых вобразаў, шуму ветру нараджаецца прыпавесць пра чалавечы лёс, абавязак і ахвяру. Рэалістычна апавядаюць яны пра пакуты, слабасці і грахі (“Гекуба “), славу і гераізм нясе паэзія і шум дрэў (“Oni, Gloria victis”). Усе яны перагукаюцца з сусветна вядомымі рамантычнымі творамі: “Рэдут Ардона”, “Магіла Агамемнона”, “Кнігі народа і паломніцтва”, “Світанне“.
У рамантычных сімвалах пакуты, у маладапольскім міфе пра геній прыроды знаходзіць Ажэшка апошняе слова сваёй творчасці. У ім гаворыцца пра самае галоўнае: пра памяць, пра неўміручасць прыроды, пра слова мастака, якое разносіць вецер.
АЎТАР: Іяланта Штахельская
