Будучы герой паўстання 1863-1864 г.г. нарадзіўся ў Мастаўлянах на рацэ Свіслачы, па якой сёння праходзіць польска-беларуская мяжа.
Мастаўляны знаходзяцца сёння на польскім баку, але і тады, і сёння ў гэтай вёсцы жывуць беларусы, а над вёскай узвышаецца царква, калісьці ўніяцкая, цяпер праваслаўная. Тут бацька Канстанціна Шымон на пачатку 1830-х гадоў заснаваў палатняную фабрыку. У 1849 годзе ён купіў хутар Якушоўка ля мястэчка Свіслач у Беларусі і пераехаў туды з сям’ёй. Канстанцін у 1852 годзе скончыў павятовую школу ў Свіслачы, а ў 1856 годзе пачаў вывучаць права ў Пецярбургскім універсітэце. Старэйшы брат Віктар пазнаёміў яго з падпольнай арганізацыяй, якую ўзначальвалі польскія афіцэры, якія вучыліся ў Акадэміі Генеральнага штабу: Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. Пецярбургская арганізацыя адносілася да т. зв. «чырвоных», якія імкнуліся да выбуху паўстання.

У 1862 г. Каліноўскі абараніў кандыдацкую дысертацыю і праз Вільню і Якушоўку накіраваўся ў Горадню, дзе пачаў ствараць мясцовую арганізацыю «чырвоных» і рэалізоўваць свой план па падбухторванні мясцовых сялян. Пад псеўданімам «Яська гаспадар з-пад Вільні» пачаў выдаваць па-беларуску газету «Мужыцкая праўда» Яна крытыкавала маскоўскія парадкі, якія супрацьпастаўляла ідэалізаванаму вобразу «даўняй» Польшчы і заклікала да барацьбы з «маскалём» за яе аднаўленне.
Тым не менш Польшча фігуруе ў «Мужыцкай праўдзе» як вонкавы фактар, а адрасаваная яна не палякам, хоць яшчэ і не беларусам.
Каліноўскі таксама выступаў за аднаўленне рэлігійнай уніі, скасаванай царом Мікалаем I у 1839 г., пры гэтым, на жаль, пагардліва выказваючыся пра праваслаўе, пра што яму сёння ўвесь час згадваюць.
У Варшаве Каліноўскага лічылі сепаратыстам. Але трэба памятаць, што спрэчка паміж Вільняй і Варшавай тычылася тактыкі, а не стратэгіі, спосабаў барацьбы, а не мэты, якой для ўсіх была рэканструкцыя Рэчы Паспалітай да падзелаў. З выбухам паўстання Літоўскі правінцыйны камітэт прыняў назву Часовага ўрада Літвы і Беларусі. Аднак, падкрэсліваючы сваю незалежнасць, урад прыняў маніфесты і дэкрэты Часовага нацыянальнага ўрада ў Варшаве.
Аднак паўстанне ў Літве і Беларусі было зусім непадрыхтаваным. Найлепш арганізаваная Гарадзеншчына назапасіла ўсяго 100 адзінак агнястрэльнай зброі на тры тысячы сябраў арганізацыі! Акрамя таго, расейскія ўлады хутка пераўзышлі паўстанцаў у імкненні заваяваць прыхільнасць сялян. 13 сакавіка Аляксандр II абвясціў указ аб увядзенні абавязковага выкупу зямлі, які ўводзіў памяншэнне сумы гэтага выкупу на 20% і адмене з 1 траўня ўсіх прыгонных абавязкаў сялян. Гэтыя абавязкі, дарэчы, сяляне перасталі выконваць неадкладна.

У сакавіку «чырвоныя» былі адхіленыя ад кіраўніцтва паўстаннем «белымі», якія замест часовага ўрада ў Літве і Беларусі стварылі Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы на чале з Якубам Гейштарам. Каліноўскага накіравалі камісарам у Горадню. Найбольшым дасягненнем Каліноўскага на гэтай пасадзе стала арганізацыя канцэнтрацыі паўстанцкіх групаў ля паштовай станцыі Мілавіды на мяжы траўня і чэрвеня 1863 г. агульнай колькасцю амаль тысячы чалавек. Раніцай 3 чэрвеня тут адбыўся бой, у якім паўстанцы здолелі адбіць наступаючых расейцаў. Гэта была самая буйная бітва паўстання 1863-1864 г.г. у Беларусі.
У траўні расейскія ўлады прызначылі віленскім генерал-губернатарам Міхаіла Мураўёва па мянушцы «Вешальнік». Новы генерал-губернатар распачаў палітыку тэрору, увёў калектыўную адказнасць жыхароў засценкаў і вяскоўцаў за дапамогу паўстанцам, абклаў памешчыкаў кантрыбуцыяй. Адначасова ён арганізаваў вясковую варту, гэта значыць сялянскую міліцыю для барацьбы з паўстанцамі.
Арышт расейцамі Якуба Гейштара перадаў усю ўладу над паўстаннем у Літве і Беларусі Каліноўскаму. Аднак мураўёўскія рэпрэсіі зламалі волю памешчыкаў і шляхты да барацьбы, і сяляне звычайна станавіліся на бок уладаў. Група за групай ішлі ў россып. Восенню ўзброенае паўстанне ў Беларусі было практычна задушана.
Каліноўскі дзейнічаў у падполлі ў Вільні да 9 лютага 1864 г., пакуль у выніку здрады не трапіў у рукі расейцаў. Быў арыштаваны ў былым дамініканскім кляштары. Перадаваў адтуль сакрэтныя паведамленні, якія пазней былі апублікаваныя як «Лісты з-пад шыбеніцы». У іх ён заклікаў беларусаў да барацьбы з «маскалём».
«Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе».
Апошні ліст Каліноўскага – гэта верш на беларускай мове, якім ён развітваўся са сваёй нявестай Марыяй Ямант і сваёй сялянскай нацыяй.
Мураўёў змяніў Каліноўскаму кару смерці з расстрэлу на павешанне. Гэты прысуд быў выкананы на Лукішскай плошчы 22 сакавіка 1864 года. Цела Каліноўскага кінулі ў выкапаную на гэтым месцы яму; ноччу яго адкапалі і перавезлі на Віленскую Замкавую гару, дзе знаходзілася цытадэль. Яго пахавалі ў яме побач з раней загінуўшымі паўстанцамі.
Толькі ў 2017 годзе Замкавая гара раскрыла сваю таямніцу, калі частка яе схілу спаўзла ўніз, адкрыўшы іх парэшткі. Перапахаванне паўстанцаў 22 лістапада 2019 года стала вялікай беларускай патрыятычнай дэманстрацыяй, якая абвясціла абуджэнне нацыі ў наступным годзе.
Канстанцін Каліноўскі імкнуўся пабудаваць аўтаномную Літоўска-Беларускую дзяржаву ў складзе абноўленай Рэчы Паспалітай. Ён таксама акрэсліў уласны праект беларускага народу з нацыянальнай канфесіяй у форме ўніяцтва (грэка-каталіцтва). Аднак беларускага народу як свядомай супольнасці яшчэ проста не існавала. Каліноўскі спрабаваў ажыццявіць рэвалюцыю пад сацыяльнымі і рэлігійнымі лозунгамі, але царскі рэжым дзякуючы зямельнай рэформе прыцягнуў на свой бок беларускае сялянства, а ўніяцтва аказалася састарэлай справай. Тым не менш, сам Каліноўскі стаў архетыповай асобай у гісторыі беларускага народу. Тое, што ён практычна змагаўся за лепшую будучыню беларускага народу, толькі падкрэслівае яго веліч.Канстанцін Каліноўскі імкнуўся пабудаваць аўтаномную Літоўска-Беларускую дзяржаву ў складзе абноўленай Рэчы Паспалітай. Ён таксама акрэсліў уласны праект беларускага народа з нацыянальнай канфесіяй у форме уніяцтва (грэка-каталіцтва). Аднак беларускага народа як свядомай супольнасці яшчэ проста не існавала. Каліноўскі спрабаваў ажыццявіць рэвалюцыю пад сацыяльнымі і рэлігійнымі лозунгамі, але царскі рэжым дзякуючы зямельнай рэформе прыцягнуў на свой бок беларускае сялянства, а ўніяцтва аказалася састарэлай справай.
Тым не менш, сам Каліноўскі стаў архетыповай асобай у гісторыі беларускага народа. Тое, што ён практычна змагаўся за лепшую будучыню беларускага народа, толькі падкрэслівае яго веліч.