Між маляўнічых пагоркаў даўняй Віленшчыны- сёняшняя паўночна-заходняя частка Гарадзеншчыны, знаходзіцца мястэчка Крэва. Упершыню яго ўзгадваюць нямецкія хронікі XIII ст. як цэнтр Нальшанскай зямлі. Да гэтага ж перыяду можна аднесці і Крэўскае гарадзішча, якое і зараз уражвае сваёй вышынёю і землянымі валамі. Але найчасцей Крэва атаясамляецца з руінамі некалі магутнага і грознага замка, які займае вельмі значнае месца ў гісторыі Еўропы, і звязана гэта ў першую чаргу з Крэўскай уніяй, якая змяніла палітычную і канфесійную сітуацыю ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе .
Дакладны час пабудовы Крэўскага замка застаецца дыскусійным – даследчыкі падаюць даты ад канца ХІІІ ст. да 80-х гадоў XIV ст., але, на думку беларускага гісторыка Алега Дзярновіча, найбольш абгрунтаваным застаецца традыцыйнае датаванне – 1330-я гг.: «Ва ўсялякім выпадку, Крэўскі замак стаў адным з першых цалкам мураваных замкаў Вялікага Княства Літоўскага, дзе да той пары, як і на беларускіх землях увогуле, не існавала традыцый мураванага дойлідства аб’ектаў такога маштабу». Магчыма, будаўніцтва замка распачалося яшчэ Гедымінам. Альгерд атрымаў Крэва ад свайго бацькі, князя Гедыміна, у 1338 г., і сёння з упэўненасцю можна сцвярджаць, што Крэўскі замак будаваўся ў часы Альгерда і пры непасрэдным яго ўдзеле. У Крэве правёў князь Альгерд гады падрыхтоўкі да ўступлення на трон Вялікага княства (1338-1345). I менавіта сюды для заключэння саюзу з мэтай падзелу ўлады ў ВКЛ з Вільні прыбылі паслы яго брата Кейстута. Тады, у 1345 г., усталяваўся незвычайны саюз, калі адначасова знаходзіліся на троне і правілі адной дзяржавай два вялікія князі – Альгерд і Кейстут.
Такім чынам, дзякуючы Альгерду, Крэўскі замак з адмысловай Княжацкай вежай, аздобленай фрэскавым роспісам, стаў адным з самых прадстаўнічых у ВКЛ, і таму сын Альгерда, Ягайла, выбраў для падпісання уніі з Польшчай менавіта Крэва, дамен яго бацькі Альгерда і яго спадчынны замак.
Калі Альгерд прызначыў сваім пераемнікам сына Ягайлу, то гэта стала прычынай незадаволенасці іншых ягоных сыноў і суродзічаў. Брат Альгерда, Кейстут, на кароткі час, 1381-1382 гг., захапіў Вільню і стаў Вялікім князем літоўскім. Разгарнулася барацьба паміж Кейстутам і Ягайлам, апошні абапіраўся на дапамогу Тэўтонскага Ордэна. Пераможцам з гэтай вайны выйшаў Ягайла. У 1382 г. Ягайла захапіў Кейстута і яго сына Вітаўта ў палон. Па загадзе пляменніка Кейстут быў задушаны. Такі ж лёс чакаў і Вітаўта, аднак ён здолеў уратавацца ўцёкамі.
Самай важнай падзеяй, якая звязаная з Крэўскім замкам, было падпісанне Крэўскай уніі. Згодна акту, падпісанаму 14 жніўня 1385 г. прадстаўнікамі Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага, Ягайла абяцаў хрысціцца паводле каталіцкага абраду разам з усімі сваімі братамі і хрысціць падданых, “свае землі літоўскія і рускія назаўжды далучыць да Кароны Каралеўства Польскага”, перадаць усе свае скарбы на патрэбы злучаных дзяржаў, заплаціць велізарную суму – 200 тыс. фларэнаў як адступное былому жаніху польскай каралевы Ядвігі аўстрыйскаму прынцу Вільгельму. Паслы гарантавалі Ягайлу шлюб з каралевай Ядвігай і польскую карону.
У 1386 г. пачалася рэалізацыя ўмоў Крэўскага пагаднення. Гэтаму злучэнню была наканавана працяглая і няпростая гісторыя. З цягам часу мяняліся яго ўмовы, але ў цэлым яно аказалася выгадным і перспектыўным для абодвух бакоў, праіснавала 400 гадоў. Стаўшы польскім каралём і выконваючы ўмовы Крэўскай уніі, Ягайла пабудаваў у ВКЛ сем каталіцкіх касцёлаў, а у лютым 1387 г. кароль падпісвае грамату аб заснаванні касцёла Святога Яна Хрысціцеля ў Крэве. У 1391г. Крэва ўваходзіць у склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства.
У 1433г. Крэўскім замкам авалодаў вялікі князь Свідрыгайла, які прэтэндаваў на велікакняжацкі трон. У 1503-1506 гг. замак неаднойчы асаджалі і значна пашкодзілі перакопскія татары, але хутка ён быў адбудаваны. У 1519 падчас глыбокага рэйду на Беларусь, Крэва захапілі маскоўскія ваяводы. Крэўскі замак да ХVI ст. страціў сваё абарончае значэнне і, як адзначыў нямецкі барон, дыпламат і падарожнік Сігізмунд Герберштэйн: «Крэва – мястэчка з пакінутым замкам».
Аднак найноўшыя даследаванні гавораць пра тое, што замак у другой палове XVI-першай палове XVII ст. не знаходзіўся ў руінах, а быў адбудаваны і выкарыстоўваўся як службовая рэзідэнцыя ці цэнтр староства. Вядомы факт, што ў другой палове XVI ст. у Крэўскім замку жыў збеглы рускі князь Андрэй Курбскі. Крэва, як мястэчка ранняга Новага часу, узнікла ўжо вакол замка і з’яўлялася дзяржаўным уладаннем. Пра самакіраванне мястэчка вядома мала. Так, польскія гісторыкі Міхал Баліньскі і Тыматэвуш Ліпіньскі ў сваёй працы «Старажытная Польшча» паведамляюць, што Крэва было горадам Рэчы Паспалітай, судзілася магдэбургскім правам і мела пячатку Леліва. А ў паперах з канца XVIII ст. канцлера ВКЛ Аляксандра Сапегі згадваецца «Акт магдэбургіі Крэва» ад 7 красавіка 1559 г. Вядома, што ў горадзе ў XVI-XVIII стст. быў войт. Згодна дакументам другой паловы XVII ст., мяшчане Крэва самі выбіралі сабе войта. Гэта права было пацверджана 9 лютага 1679 г. прывілеем караля Рэчы Паспалітай Яна Сабескага.
У часы апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага быў прыняты цэлы пакет законаў і заканадаўчых актаў па гарадской рэформе ў Рэчы Паспалітай. Пасля Чатырохгадовага сейма 1788-1792 гг. 18 красавіка 1791 г. прынялі закон «Гарады нашы вольныя», паводле якога ўсе жыхары дзяржаўных гарадскіх паселішчаў, якія валодалі нерухомай маёмасцю на правах прыватнай уласнасці, абвяшчаліся асабіста свабоднымі. Закон «Гарады нашы вольныя» 1791-1793 гг. выклікаў сярод жыхароў Крэва рост іх самасвядомасці, абуджэнне грамадска-палітычнай актыўнасці і адчынялі перад імі новыя патэнцыяльныя магчымасці для развіцця горада. Крэва карысталася магдэбургскім правам на самакіраванне. Яно было пацверджана 25 лютага 1795 г. Але гэтыя магчымасці засталіся не рэалізаванымі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай. Крэва стала заштатным мястэчкам Ашмянскага павета Віленскай губерніі Расейскай імперыі. Замак перадаецца казённаму ведамству. Мястэчка, пазбаўленае самакіравання, стала занепадаць. Дайшло да таго, што мясцовыя жыхары пачалі разбіраць замак для гаспадарчых патрэб. На 1895 г. тут налічвалася 2112 жыхароў, 249 двары, 2 праваслаўныя царквы, касцёл, багадзельня, школа.
Падчас Першай сусветнай вайны больш чым два гады тут вяліся ваенныя дзеянні. Вайна прыйшла ў гэтыя мясціны восенню 1915 г. Лінія фронту пралягала літаральна праз цэнтр мястэчка, падзяліўшы яго на дзве паловы, а Крэўскі замак апынуўся на першай лінніі абароны і выпрабаваў на сабе ўсю магутнасць сучаснай артылерыі. Можна назваць дакаладную дату, калі замак быў ператвораны ў руіны -21 ліпеня 1917 г. – дзень апошняга наступу расейскіх войск у Першай сусветнай вайне на заходнім фронце. Згодна плану дзеянняў расейскага камандвання на 1917 г. чарговы наступ рыхтаваўся на ўчастку Смаргонь – Крэва. Трэба адзначыць , што ніколі Расейская армія не збірала ў адным месцы такую колькасць артылерыі – каля 800 гармат рознага калібру. Менавіта тады Крэўскі замак быў страшэнна пашкоджаны артылерыйскімі абстрэламі.
У 20-30-х гг. Крэва знаходзілася ў складзе Польскай дзяржавы. У гэты час на замку прайшлі аднаўленчыя працы пад кіраўніцтвам Станіслава Лорэнца, які ў сваёй справаздачы падкрэсліваў, што « рамонтныя працы у
ў дадзены момант працягваюцца і, верагодна, зоймуць яшчэ некалькі гадоў». На жаль, яны так і не былі завершаны.
Аб’язджаючы абшары Віленскага ваяводства, 21 чэрвеня 1930 г. Крэва наведаў польскі прэзідэнт Ігнацы Масціцкі. Мэтай яго візіту быў славуты Крэўскі замак , а таксама азнаямленне са станам прац па кансервацыі, што вяліся тады на замку. Падчас паездкі прэзідэнта суправаджалі ваявода віленскі Владыслаў Рачкевіч і іншыя высокія чыны польскай дзяржавы. Найстарэйшыя жыхары Крэва ўзгадваюць, як старанна рыхтавалася мястэчка да прыезду высокіх гасцей: паўсюль навялі парадак, дамы і платы пафарбавалі, дарогу, па якой меўся ехаць прэзідэнт, пасыпалі падфарбаваным пілаваннем. І калі шыкоўны самаход Масціцкага павольна ехаў па мястэчку, то людзі віталі яго, абсыпаючы кветкамі. Такі ж урачысты прыём чакаў прэзідэнта на замкавым дзядзінцу. Вучняў мясцовай школы, якія віталі яго вершамі, кіраўнік дзяржавы пачаставаў цукеркамі.
У трыццатыя гады мястэчка займела будынак вялікага драўлянага касцёла Маці Божай Ласкавай. Праект архітэктара Стэфана Нарэмбскага быў рэалізаваны інжынерам Янам Стаброўскім у 1935 г. Будоўляю з вялікай дапамогай парафіі кіраваў ксёндз Чэслаў Кардэль. Падмуркі былі закладзены ў 1934 г., а 7 кастрычніка 1936 г. касцёл быў асвечаны ў гонар Божай Маці. Яе ўшанаваны абраз захоўваўся ў бакавым алтары. Здымкі Крэва таго часу зрабілі знакамітыя віленскія фатографы Ян Булгак і Тадэвуш Ходзька. На адным з іх можна ўбачыць унясенне абраза ў новазбудаваную святыню 8 чэрвеня 1937 г. Каля 1961 г. савецкія ўлады зачынілі касцёл. Былі разабраны вежы і нарошчаны яшчэ адзін паверх . У будынку быў размешчаны пункт амбулаторыі. Перад будаўніцтвам новага мураванага касцёла ў 2003 г. рэшткі будынка драўлянага касцёла разабралі.
Сённяшняя вёска Крэва ў асноўным захавала старажытную планіроўку. Як і раней, асноўныя вуліцы мястэчка сыходзяцца на цэнтральным пляцы, дзе раней актыўна гандлявалі і адбываліся важныя грамадскія падзеі, побач высяцца руіны славутага Крэўскага замка.
На адлегласці 20 км ад Крэва на разлеглым і маляўнічым Ашмянскім узвышшы пры рэчцы Гальшанцы знаходзіцца ўтульнае мястэчка Гальшаны, якое захавала сваю старадаўнюю структуру і таксама, як Крэва, мае свой археалагічны комплекс (гарадзішча і селішча), матэрыяльная культура якога звязана з культурай гарадоў Усходняй Еўропы. Апроч таго, у Гальшанах побач з гарадзішчам выяўлены даволі вялікі курганны могільнік, прыкладна са ста насыпаў, пахавальны інвентар якога сведчыць, што ў ХІ–ХІІ стст. у старажытных Гальшанах панавала язычніцтва, што пацвярджаюць шматлікія знаходкі амулетаў з выявамі жывёл. Таксама на мяжы ХІ–ХІІ стст. у гальшанскіх пахаваннях з’яўляюцца прадметы хрысціянскага культу – нацельныя крыжыкі. Сапраўдным адкрыццём стала выяўленне ўвосень 2019 г. рэшткаў могільніка каля паўночных муроў Гальшанскага замка. Гэты могільнік мае два храналагічныя пласты: ніжні, Х ст., з абрадам крэмацыі і верхні, XIII–XIV стст., з грунтовым трупапакладаннем.
Лічыцца, што гальшанскія гарадзішча і селішча ўзніклі і функцыянавалі ў І–V стст. н. э. Гэты комплекс быў звязаны з культурамі штрыхаванай керамікі і ўсходнелітоўскіх курганоў. Другі этап характарызуецца ваеннымі дзеяннямі канца Х – першай паловы ХІ ст. і датуецца выправамі кіеўскіх князёў Уладзіміра Святаславіча і Яраслава Мудрага на Літву і ятвягаў. У гэты перыяд Гальшанскае гарадзішча было спаленае, пра што сведчыць магутны пласт вуголля на месцы драўляных сцен. Але на працягу ХІ–ХІІ стст. Гальшанскае гарадзішча і селішча не толькі адрадзіліся, але і перажылі своеасаблівы этап росквіту, які доўжыўся да сярэдзіны ХІІІ ст. Дадзены перыяд характарызаваўся актыўным развіццём гандлю, пра што сведчаць знаходкі шматлікіх артэфактаў – свінцовых пломбаў, вагавых гірак, фрагментаў срэбных плацёжных зліткаў, абломкаў візантыйскіх амфар. Верагодна, якраз у гэты час гарадзішча было пераўтворана ў замак, які кантраляваў наваколле.
Даследаванні Гальшанскага археалагічнага комплексу дазваляюць сцвярджаць, што ў ХІ–ХІІІ стст. у Гальшанах жыло змяшанае балта-славянскае насельніцтва . Пісьмовыя крыніцы ўзгадваюць Гальшаны, пачынаючы з канца ХІІІ ст. Генеалагічныя легенды XVI ст. звязваюць Гальшаны з паходжаннем старажытнай літоўскай дынастыі Кітаўрасаў, адхіленай ад улады новай дынастыяй Віценя і Гедыміна. У цэнтры гэтай легенды знаходзіцца паданне пра Гольшу, які заснаваў замак у Гальшанах і старажытны княжацкі род Гальшанскіх. , прадстаўнікі якога займалі высокія дзяржаўныя пасады ў ВКЛ і мелі буйныя землеўладанні на Беларусі і Украіне. Магчыма, што князі Гальшанскія сапраўды належалі да роду, з якога паходзіў вялікі князь Тройдзень (1270–1282). Карысталіся Гальшанскія гербам «Гіпацэнтаўр» (выява каня, у якога галава, грудзі і рукі чалавека; замест хваста – пашча дракона, якога паражае страла, выпушчаная з лука рукамі самой жа жывёліны). Гэтае гістарычнае паданне паўтараецца амаль у нязменным выглядзе ў розных рэдакцыях беларуска-літоўскіх летапісаў.
Першым жа гістарычна вядомым прадстаўніком роду Гальшанскіх стаў у канцы XIV ст. Іван Альгімонтавіч, найбліжэйшы паплечнік Вітаўта. З гэтага славутага роду паходзіць Соф’я Гальшанская. Яна стала чацвёртай жонкай польскага караля Уладыслава ІІ Ягайлы. Польскі кароль ужо не меў ніякай надзеі стварыць сваю дынастыю, у яго не было сыноў. Ды і сам ён быў ужо не малады. І тады Вялікі князь Вітаўт пачаў сватаць яму сваю сваячніцу — Соф’ю Гальшанскую, родную пляменніцу сваёй другой жонкі Ульяны і ўнучку свайго вернага сябра і паплечніка Івана Альгімонтавіча Гальшанскага. Ягайлу часта даводзілася бываць у Літве і ён добра ведаў многіх тутэйшых князёў. Ён прыслухаўся да парады Вітаўта і вырашыў ажаніцца з Соф’яй Гальшанскай, яшчэ зусім маладой дзяўчынай. У пачатку 1422 года ў фарным касцёле ў Наваградку каралю польскаму Уладыславу II Ягайлу і князёўне Соф’і Гальшанскай біскупам жмудскім Мацеем быў удзелены шлюб. Мядовы месяц правялі ў Лідзе, а ў сакавіку 1422 года кароль і яго маладая жонка прыбылі ў Кракаў. Соф’я Гальшанская і Ягайла далі пачатак дынастыі Ягелонаў, якая правіла ў Літве і Польшы, у Венгрыі і ў Чэхіі блізу паўтара стагоддзя. Гэты час- перыяд палітычнай моцы польска-літоўскай манархіі, гэта эпоха вялікіх адкрыццяў, прагрэсу, гуманістычнай талерантнасці.
Перыяд улады Ягелонаў стаў «залатым векам» эканамічнага і культурнага развіцця Літвы і Польшы. Пры Ягелонах быў перабудаваны замак на Вавелі. Пры іх з’явіўся прагажэйшы рэнесансны палац у Вільні. Развівалася навука, мастацтва, літаратура… Калі ў Еўропе ішлі братазабойніцкія рэлігійныя войны, Польша і Літва давалі прытулак людзям розных веравызнанняў, стаўшы шматнацыянальнай краінай. Наступныя польскія каралі Жыгімонт Ваза, Уладыслаў Ваза і Ян Казімір былі нашчадкамі Ягелонаў па жаночай лініі, у іх таксама цякла кроў князёў Гальшанскіх. У канцы XIV — пачатку XV стагодздзяў Гальшаны мелі статус места. Тут быў цэнтр гандлю і рамёстваў, у тым ліку вытворчасці кафлі зь мясцовай гліны. У 1440 і 1492 гадах у Гальшанскім замку збіраліся сходы ўплывовых феадалаў Вялікага Княства Літоўскага. З XV ст. у Гальшанах дзейнічаў касцёл, з 1536 года ўпамінаецца царква, у XVI ст. адкрыўся кальвінскі збор. Князі Гальшанскія валодалі замкам да 1525 г., а потым, пасля шлюбу князёўны Алены Гальшанскай з Паўлам Іванавічам Сапегам, ён перайшоў ва ўладанні Сапегаў…
На пачатку XVII ст. ашмянскі староста Павел Стэфан Сапега перанёс сваю рэзідэнцыю ў Гальшанах са старога замчышча на бераг ракі Лусты (Жыганкі), дзе і пачаў будаваць мураваны палацава-замкавы комплекс.. Гальшанскі мураваны замак, узведзены ў першай палове ХVІІ ст., стаў прыкладам значных зменаў у архітэктуры, якія адбыліся на працягу стагодздзя. Кампазіцыйна замак уяўляў сабой прамавугольны замкнуты будынак. Жылыя карпусы з вежамі на вуглах утваралі замкнёны квадратны двор. Абарончыя сцены ў Гальшанах саступілі месца фасаду жылога дома, а шасцікантовыя вежы сталі меншыя і больш стройныя. У іх размяшчаліся жылыя і гаспадарчыя памяшканні. Аснова абароны Гальшанскага замка перамясцілася на земляныя валы. У 1618 г. Павел Сапега ў стылі барока збудаваў ў Гальшанах велічны касцёл св. Яна Хрысціцеля і жылы корпус кляштару францішканаў.
У пачатку 1770-х г. будынак касцёла часткова разабраны, яго падмуркі і сцены выкарыстаны для пабудовы новага касцёла, які захаваўся да нашага часу. Апроч таго, Сапегі заснавалі ў Гальшанах паперню (існавала да канца XVII ст.), якая выпускала вялікую колькасць паперы высокай якасці.
Адзіным гаспадаром замка быў Павел Сапега. Сам Павел любіў жыць не па сродках. Таму пасля яго смерці значная частка яго ўласнасці сышла на водкуп крэдыторам. У XVIII ст. розныя часткі Гальшанаў знаходзіліся ў валоданні Кунцэвічаў, Масевічаў, Пацаў і іншых. А замак застаўся за родам Сапегаў.
Ужо пасля Паўночнай вайны, падчас якой замак быў сур’ёзна пашкоджаны, ён практычна перастаў аднаўляцца. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Гальшаны апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Статус паселішча панізілі да мястэчка, цэнтра воласці Ашмянскага павета Віленскай губэрніі. У 1832 годзе пасля задушэння лістападаўскага паўстання расійскія ўлады зачынілі кляштар францішканаў, у ягоных будынках размясціўся вайсковы гарнізон. У часы панавання Расійскай імперыі, замак наогул прыйшоў у заняпад. Але сапраўдны яго згішчэнне пачалося ў канцы XIX стагоддзя. З прычыны ўдзелу Сапегаў у паўстанні 1863 года ўся іх уласнасць, у тым ліку і Гальшанскі замак, была нацыяналізавана. Самі прадстаўнікі роду эмігравалі ў Францыю. Гальшаны былі перададзены расійскаму вайскоўцу Гарбанёву, які ў 1880 г. стаў узрываць вежы і гандляваць замкавай цэглай.
У XX ст.падчас І сусветнай вайны мястэчка было занята нямецкімі вайскамі У пачатку 1919 года Гальшаны занялі бальшавікі, супраць якіх у ваколіцах мястэчка дзейнічалі антыбальшавіцкія ўзброеныя фарміраванні. У канцы красавіка 1919 года Гальшаны занялі польскія войскі, улетку 1920 года бальшавікі чарговы раз займаюць Гальшаны. Пазней польскія войскі вызваляюць мястэчка з- пад бальшавіцкай акупацыі.. У 1920 годзе Гальшаны апынуліся ў складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 г. у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Ашмянскага павета Віленскага ваяводства.
У часы савецкай улады замак працягвалі разбураць. Пасля ж 1945 г. рэшткі жылых памяшканняý былі разабраны для пабудовы неабходных мясцоваму калгасу свінарнікаў і дома культуры. Шмат гадоў на тэрыторыі замка знаходзіўся кароўнік. Касцёл савецкія ўлады зачынілі ў 1956 г., размясціўшы на яго тэрыторыі склад. Толькі ў 1990-я гады з ініцыятывы Казімера Маліноўскага, жыхара вёскі Родзевічы, будынак касцёла быў вернуты вернікам. Зруйнаваныя часам і людзьмі рэшткі Гальшансагаі замка ў 2013 годзе былі закансерваваныя, а з 2015 г. падчас рэстаўрацыйных работ адноўлена паўночная вежа.