Мінулае не з’яўляецца нязменным, хоць здаецца менавіта такім, калі думаць пра яго як пра закончаны перыяд гісторыі. Аднак мы, тыя, хто вывучае мінулае, жывём у зменлівым і дынамічным свеце, які мае магутны ўплыў на вобраз нашага ўчора і мінулых эпох. Гэта значыць на само мінулае, бо, акрамя як у чыімсьці ўяўленні, яно не існуе. Лепш усведамляць свой уплыў , прыняць парадокс, які заключаецца ў тым, што мы тут і цяпер ствараем не толькі будучыню, але і мінулае. Яго абнаўляюць не толькі аглядальнікі, але і гісторыкі, гісторыкі літаратуры- мы не можам спыніць гэты працэс, не маем (шчасця) улады караля Мідаса. Дык якое значэнне мае тое, што я пішу пра Міцкевіча, наведваючы Вільню, восенню 2021 года? Мы паціху прывыкаем да пандэміі, а вось сёння нязвыклай з’явай на польска-літоўска-беларускім памежжы з’яўляюцца мігранты.
Разважаючы пра унію, заключаную ў Любліне ў 1569 г., Міцкевіч пісаў у «Кнігах польскага народа і польскага паломніцтва» пра шлюб Польшчы з Літвой як узор саюза народаў кшталту «дзве душы ў адным целе», які з’яўляецца не толькі падзеяй з мінулага, але і ўказальнікам для будучыні. І прадказаў, што такое аб’яднанне народаў яшчэ “будзе пазней”. Прыгадваю гэта не для таго, каб прадставіць Міцкевіча прарокам Еўрасаюза, бо многія яго ўжо так трактавалі, і сёння мы можам задацца пытаннем, ці вытрымае гэта паралель праверку часам. Мне падаецца больш цікавым мікрамаштаб: як іменна ўяўляў сабе Міцкевіч у адным вымярэнні- экзістэнцыяльным і грамадзянскім- такога чалавека з дзвюма душамі. Ён тады быў нежанаты (узяў шлюб крыху пазней), і тое, што ён яшчэ нядаўна думаў пра шлюб , не адпавядала сітуацыі- памятаем фразу Густава з чацвёртай часткі “Дзядоў” пра жонак з рыфмай „żono…..żywcem pogrzebiono”( жонка.. …закапана жыўцом). Аднак, паколькі амаль праз дзесяць гадоў ён вырашыў шукаць у шлюбе метафару канструктыўнага саюза народаў, напрыклад, Польшчы з Літвой, ён, верагодна, змяніў сваю думку. І як спадчыннік Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, магчыма, паставіўся да сябе ў мікрамаштабе як да арганізма, які існуе на аснове шлюбу: «дзве душы ў адным целе». Ліцвін па нараджэнні, які тварыў па-польску.
Аднак гэта была б сімвалічная і недакладная характарыстыка асобы Міцкевіча як грамадзяніна былога Княства, якое заставалася ў саюзе з Каронай Польскай, таму што трэба больш “душ” паказаць. Гэтая «Літва» ўключала ў сябе Навагрудак, які знаходзіцца ў Беларусі, дзе Міцкевіч скончыў гімназію, і Вільню, якая знаходзілася за 150 км на поўнач, куды ён прыбыў ва ўніверсітэт, і яшчэ больш паўночнае Коўна, дзе пачаў сваю працоўную дзейнасць, каб адпрацаваць стыпендыю. “Літва” Міцкевіча — працяг ВКЛ, радзімы некалькіх народаў, якія “зліліся” з яшчэ адным: з Польшчай, або Каронай, стварыўшы адно “цела”.

Такім чынам, у аб’яднаным польска –літоўскім “целе” і ў целах грамадзян І Рэчы Паспалітай змяшчалася некалькі “душ”. Таму культурная шматграннасць, або шматнацыянальнасць, была ў Міцкевіча ў крыві, ён атрымаў яе ў спадчыну разам з месцам нараджэння і сталення, ён не ўяўляў Літвы ці Польшчы паасобку або сваіх суайчыннікаў толькі з адной душой.
, nie znał Polski czy Litwy jednolitej, ani rodaków z jedną (tylko) duszą.
Сёння гэта, акрамя ўсяго іншага, набліжае яго да нас, да людзей, якія адвыклі жыць, вучыцца і працаваць у адным месцы. Наша «краіна» або «зямля» не з’яўляецца адной кропкай на мапе, напрыклад, там, дзе «спее лімон» — як Міцкевічавым перакладзе Гётэ, — сённяшні чалавек акрэслівае сваё месца: Зямля качэўнікаў. Чаму, вядома, не супярэчыць туга па ўласным месцы на зямлі і асабістым «раі». Як у эпоху пана Тадэвуша, так і ў нашу, бяспечны маленькі свет мары, у якім час спыніўся, з’яўляецца проста супрацьлегласцю нашай няпэўнай і некантралюемай штодзённасці.
Варта ўсвядоміць, што так было не заўсёды, і менавіта Міцкевіч і яго равеснікі ўступілі на шлях мабільнага жыцця, на якім знаходзімся і мы. Спадар Мікалай Міцкевіч, бацька Адама, сваю прафесійную дзейнасць (працаваў у судовай сістэме) звязаў з Навагрудкам і хоць бываў у Мінску, але, напэўна, не мог зразумець мабільнасці сына, які бачыў Пецярбург і Адэсу, Дрэздэн, Парыж , Рым, Лазанну, а скончыў жыццё ў сучасным Стамбуле. А сябрам Адама, напрыклад, Міхалу Рукевічу з Падляшша, прыйшлося яшчэ больш рэзка парваць з аселым ладам жыцця бацькоў, дробнай шляхты, якая здавала ў арэнду тую ці іншую вёску пад Беластокам. Іх дзеці, у дадзеным выпадку сыны, звычайна не мелі гэтай нязначнай спадчыны, і атрыманне адукацыі, пэўнай прафесіі (настаўніка або спецыяліста па сучасных навыках кіравання арандаванай зямлёй) было адзіным спосабам узяць лёс у свае рукі. Для дачок адзіным выйсцем было замужжа, бо іх не пускалі ва ўніверсітэт, і, як трапна заўважыў адзін публіцыст эпохі рамантызму , дома, замест працы, якая магла быць сродкам існавання, , яны і далей вывучалі гербоўнікі.
Так Міцкевіч з’ехаў у Вільню і не пазбавіўся ад звычкі «ад’язджаць», хоць і прагнуў «вяртання», як у адэскім вершы “Роздум у дзень ад’езду”.
Jak po błoniu kwitnącem kolorami tęczy,
Przelatuje samotnie mdły kwiatek pajęczy,
Zdmuchniony gdzieś daleko z uwiędłej gałęzi,
Chociaż napotka różę i w majowej więzi,
Pragnąc odpocząć, martwą zaplącze się dłonią…
Znowu go wichry zedrą i dalej pogonią:
Над прасторам, квітнеючым , быццам вясёлка,
Пралятае самотна павучыная кветка
З засохлай галінкі раптоўна сарвана.
І хоць ружу сустрэне , і ў повязі майскай
Моцна сплёўшы далоні, адпачне ў палоне,
Ды вятры зноў сарвуць і пагоняць далей.
Нават калі ружы асацыіруюцца толькі з любоўю і гармоніяй космасу, а слова “майскі” — з маем (прыгожай аздобай), то нельга ігнараваць гэтую «сувязь» (“w majowej więzi”) у дадзеным вершы. Прага вярнуцца, але – у той жа час – жаданне пазбегнуць “зніжэння палёту” і “майскай сувязі (повязі)”, што трэба разумець як адмову спыніцца, як адмаўленне працяглых сувязей з нейкім месцам.
Ад’езды маюць свае наступствы ў выглядзе перасячэння фізічных, палітычных і ўнутраных межаў, і з імі звязана неабходнасць або прывілей змены ідэнтычнасці – памнажэння душ у сабе.У сітуацыях з Міцкевічам ад’езд не заўсёды быў прымусам або прыгаворам лёсу, як у выпадку з Адэсай, куды яго адправілі ў выніку судовага працэсу над філаматамі і прысуду ў 1824 г., ад’езд не заўсёды асацыяваўся з адрачэннем і выгнаннем, як сведчыць назва вышэйзгаданых “Кніг польскага паломніцтва”.
Хаця гэты аспект блукання сёння ні ў якім разе нельга лічыць рамантычным анахранізмам. Ён надзвычай важны, але, тым не менш, яго трэба разглядаць як частку больш значнай з’явы, ключ да якой заключаецца ў неабмежаванай мабільнасці.Яшчэ да арышту Міцкевіч спрабаваў выехаць за мяжу, каб паправіць здароўе, з гэтай прычыны атрымаў адпачынак ад настаўніцкай працы ў Коўне . Ці адназначна прычынай было «слабае здароўе»? Нельга пакінуць без увагі цела паэта, яго «слабасць» павінна была суправаджаць яго творчасць і выражаць духоўныя станы. Аднак у выпадку з Міцкевічам жаданне з’ехаць, падарожнічаць, памяняць месца занадта часта мела вынік, каб лічыць яго выпадковым або толькі вымушаным.
Перамяшчэнне можна лічыць асаблівасцю сучаснага чалавека, еўрапейца, які з эпохі вялікіх адкрыццяў і Калумба накіроўваецца ў невядомасць і жадае самастойна пракласці ўласны жыццёвы шлях і фарміраваць самасвядомасць. Ён не лічыць яе дадзенай раз і назаўжды, напрыклад, з месцам нараджэння ці сацыяльным статусам. Здаецца, нават балады і рамансы, а найперш творы, якія нанова адкрываюць свойскасць і правінцыю, не змог бы напісаць паэт, які не пакідаў межаў Навагрудка. Фізічна і ментальна, можа, не духоўна, калі ўжо быў вядомым паэтам, ён размясціў «радзіму думак» у пейзажы свайго юнацтва (“Калі мой труп тут…”). У баладах пра Свіцязь, Цырыну і Руту апавядае той, хто добра ведае гэтыя мясціны і сцежкі, а таксама выдатна разумее прынцыпы рамантычнай паэзіі (пра гэта ён піша ў прадмове). Таму, дбаючы пра тапаграфічную памяць роднага наваколля, ён не адмаўляецца ад « гайдання ў выдуманым паэтамі небе»: стварае свіцязянак на падставе народных павер’яў, знаёміць з родным ведзьмаком (“Тукай”), дае дудару элегантную “пальчатку” ад Шылера.Ужо яго дэбют сведчыць пра паэта, які здольны чэрпаць з роднай культуры і свайго бліжэйшага асяроддзя і ў той жа час вельмі цесна звязаны як з антычнай, грэка-рымскай, так і з найноўшай еўрапейскай літаратурай. Таму не дзіўна, што мясцовы звычай частаваць ежай памерлых аўтар «Дзядоў» уводзіць такім чынам, што ўпісвае вераванні беларускага народа ў шырокі кантэкст гісторыі рэлігіі (і мастацтва) міжземнаморскага культурнага кола і «астравоў Новага Свету», г.зн. абедзвюх Амерык. З самага пачатку Міцкевіч спалучае два жэсты: тапаграфічнае размяшчэнне (падзей, прыроды, пачуццяў, учынкаў і г.д.) з перасячэннем дадзенага месца як у жыцці, так і ў пісьме. Гэта душа правінцыйнага чалавека і душа сусветнага чалавека.

Як мастак і мысліцель, ён адпавядае свайму часу, бо рамантызм — гэта час трыумфу Гердэра, першаадкрывальніка народа і «духу нацыі» (Volksgeist, гэта выяўляецца ў мове), і Гётэ, які — крыху пазней, у 1920-х гадах XIX ст., – увёў паняцце сусветнай літаратуры (Weltliteratur). Гердэр, шанаваны сярод рамантыкаў нашай часткі Еўропы не толькі за высокую ацэнку помнікаў народнай культуры, але і за прагназаванне росту ролі славян, даў магчымасць думаць пра літаратуру ў нацыянальных катэгорыях. У пачатку ХІХ стагоддзя гэта адыграла вялікую ролю ў дачыненні да народаў, пазбаўленых уласнай дзяржавы, у тым ліку для тых, якія пражывалі ці толькі з’явіліся на тэрыторыях былой Польшчы і Літвы, але з часам выявіліся і слабыя бакі. Асабліва праявіліся яны ў адносінах да шматкультурных нацый, бо іх «духі» не заўсёды маглі быць звязаны з уласнай тэрыторыяй і асобнымі мовамі. Але ва ўсёй Еўропе, на парозе рамантызму і далей, не хапала хутчэй міжнароднай (акрамя навязанай) салідарнасці, чым падрымлівання адрозненняў, выкліканых культам індывідуальнасці народаў. Гётэ спадзяваўся, што культура стане такой пляцоўкай для дыялогу паміж Усходам і Захадам і паміж народамі, і ў 1827 г. ён увёў паняцце Weltliteratur. Ці выканала яно сваю ролю- асобная тэма. Яно нарадзілася не толькі з патрэбы часу, цяперашняга гістарычнага моманту, але і ў выніку працяглых працэсаў сучаснага свету, сучаснасці, якую Гётэ, як аўтар «Фаўста», ахарактарызаваў так званым фаўстаўскім “імкненнем”, якое не ведае спакою і абмежаванняў.
Гётэ і Байрана Міцкевіч лічыў апекунамі сучаснай эпохі, абодвух ён чытаў у віленскі перыяд, а перад героі навагрудскага паэта перажываюць усе дылемы сучаснасці. Вяртаючася да першапачатковай думкі, я павінна звярнуць увагу на галоўнага героя балады “Здань “, якая пачынае віленска- ковенскіх “Дзядоў”, бо ў сваіх парыжскіх лекцыях Міцкевіч апісваў здань, як вядомы ва ўсіх славянскіх рэгіёнах феномен чалавека з дзвюма душамі. Сведчанняў дзіўнасці гэтага знаёмага і адначасова чужога персанажа ў гэтай баладзе можна знайсці шмат , і разам з тым архаічныя, народныя вераванні не супярэчаць партрэту знакамітага героя міцкевічаўскіх часоў — Вертэра. Але калі б мы шукалі ў Міцкевіча менш шакіруючы вобраз сучаснага чалавека і заставаліся ў Літве, то маглі б задаволіцца вершам “Марак”, напісаным у 1822 г., які Міцкевіч дадаў да “Балад і рамансаў”. Мы бачым у ім драматычную сцэну, чалавека, які змагаецца з вадой падчас шторму – “немагчыма плысці, немагчыма вярнуцца назад” (nie można płynąć, cofnąć niepodobna biegu), – які бачыць сяброў, што стаяць на беразе, але не могуць дапамагчы. Верш заканчваецца словамі: “Я плыву далей, вы, ідзіце дадому!”( Ja płynę dalej, wy, idźcie do domu!) -, трывожна- актульнымі сёння. Абодва месцы адначасова міцкевічаўскія: «дом» і «далей» — паміж імі сучасны чалавек разыгрывае сваё жыццё.