Форт № 2 Гродзенскай крэпасці, або Навумавіцкі форт, як яго называюць многія гродзенцы і нават некаторыя экскурсаводы, – адно з самых вядомых умацаванняў фартавога кальца вакол Гродна. Тут часта спыняюцца экскурсійныя групы, якія едуць на Аўгустоўскі канал, у гэтым месцы праводзяць урачыстыя памятныя мерапрыемствы, а кожнае лета сюды прыходзіць каталіцкая пілігрымка і тут адбываецца ўрачыстая імша з удзелам гродзенскага біскупа. Што мы ведаем пра гэта месца і пра падзеі, якія там адбыліся? А ведаем мы, варта прызнаць, вельмі няшмат.
У 1912 годзе расійскі імператар Мікалай ІІ зацвердзіў план будаўніцтва ўмацаванняў Гродзенскай крэпасці, якія павінны былі складацца з трынаццаці фартоў. На месцы кожнага будучага форта былі ўтвораны будаўнічыя ўчасткі, на чале якіх былі пастаўлены ваенныя інжынеры. Першапачаткова будаўніцтвам на 2-м участку кіраваў ваенны інжынер капітан Пётр Уладзіміравіч Бацюшкін. Менавіта ён склаў першы праект форта № 2.
Форт, згодна з планамі, павінен быў уяўляць сабой трапецыю, галоўная частка яго – бетонны бруствер – размяшчалася па фронце і флангах. На брустверы планавалася размясціць бранявыя назіральныя пасты і вежы з гарматамі. Форт быў акружаны сухім ровам з драцянымі загародамі. На форце павінен быў знаходзіцца гарнізон з пяхоты і супрацьштурмавой артылерыі. Будаўніцтва форта планавалася скончыць да 1917 года.
У лютым і ў жніўні 1915 г. у ваколіцах форта адбываліся зацятыя баі паміж расійскімі і нямецкімі войскамі. Германцы выйшлі да мястэчка Сапоцкін і змаглі захапіць перадавую пазіцыю каля вёскі Рацічы на вышыні 100.3 сажні (213 м). Камандаванне Гродзенскай крэпасці недаацаніла гэтую пазіцыю. Тут меліся толькі земляныя ўмацаванні, а пяхотны гарнізон адступіў пасля першай жа нямецкай атакі. Немцы ўмацавалі вышыню, размясціўшы тут кулямёты і артылерыю. Калі б немцы мелі адпаведныя сілы і артылерыю і рыхтавалі штурм крэпасці, гэта пазіцыя была б для іх ідэальная.
Цяпер ужо, прызнаўшы сваю недальнабачнасць, камандаванне рускай 10-й арміі і Гродзенскай крэпасці стала прыкладаць вялікія намаганні для вяртання вышыні 100.3. Форт № 2 служыў адпраўной кропкай гэтых атак. Менавіта тут назапашваліся войскі, якія атакавалі ўздоўж шашы.
У лютым 1915 г. немцы адступілі, а ўлетку гэтага года, па рашэнні камандавання, гарнізон Гродзенскай крэпасці падлягаў расфармаванню і раззбраенню. Крэпасць планавалі выкарыстоўваць толькі як умацаваную пазіцыю на фронце. Пасля эвакуацыі практычна ўсёй артылерыі гарнізон быў не ў стане аказаць значны супраціў германцам. У ноч з 1 на 2 верасня 1915 года форт быў узарваны адступаючымі рускімі войскамі, хоць гэта мера не прывяла да значных пашкоджанняў умацаванняў.
З верасня 1915 да вясны 1919 г. крэпасць была занята немцамі. Немцы знялі ўсе металічныя канструкцыі з форта: агароджы, сталёвыя дзверы, печы, бэлькі са скляпенняў галерэй, стралковыя шчыты і інш.
У міжваенныя гады фарты былой Гродзенскай крэпасці былі часткай умацаванага раёна Гродна, аднак польскае войска не мела ні сродкаў, ні намераў аднаўляць жалезабетонных монстраў часоў Расійскай Імперыі.
Так бы і прастаяў форт усю Другую сусветную вайну зарослы хмызняком, аднак яму выпала страшная доля. Форт № 2 быў выбраны нацыстамі для масавых пакаранняў смерцю жыхароў Гродна і ваколіц. Спачатку немцы знішчалі тут савецкіх ваеннапалонных, а з 1942 г., магчыма, сюды прывозілі яўрэяў. Затым, калі ў горадзе пачаўся падпольны рух, чарга дайшла да людзей з ліку мясцовага насельніцтва. Сюды кожны месяц прывозілі па тры-пяць машын з мірнымі жыхарамі і па-зверску распраўляліся з ахвярамі. Мясцовае насельніцтва вымушана было падчас акупацыі выжываць у складаных умовах. Гвалты, забойствы, расстрэлы закладнікаў сталі звычайнай з’явай.
Чаму месцам жудасных распраў стаў менавіта форт № 2? Найверагодней, вырашальную ролю адыграла зручнае размяшчэнне форта – побач знаходзілася важная шаша. Акрамя таго, яшчэ ў 1940 г. савецкае ваеннае кіраўніцтва пачало будаўніцтва ўмацаванняў на новай мяжы на захад ад Гродна. Для гэтага да месца будаўніцтва была пракладзена галіна вузкакалейнай чыгункі, якая таксама праходзіла недалёка ад форта № 2. Немцы маглі выкарыстаць яе, перавозячы да форта ваеннапалонных з шталага № 324, які размяшчаўся ў раёне Фолюш – Калбасіно.
Колькі людзей загінула на форце № 2 – дакладна невядома. У літаратуры нават сустракаецца лічба ў 37 тысяч чалавек, аднак яна, бясспрэчна, завышаная ў шмат разоў. Агульнапрынятай лічыцца цяпер лічба прыкладна ў 3 тысячы расстраляных фашыстамі жыхароў Гродна і ваколіц.
Акрамя іншага, можна дакладна сцвердзіць, што на форце расстрэльвалі арыштаваных, якія ўтрымліваліся ў гродзенскай турме. Так, па ўспамінах жыхара Навумавічаў Станіслава Таўрэля, немцы прывозілі днём людзей з гродзенскай турмы для капання ям, а калі ямы былі гатовыя, ужо ноччу, пад раніцу, прывозілі зняволеных для расстрэлу. Пасля расправы целы забітых пасыпалі хлоркай і прысыпалі зямлёй. Сам форт у гэты час быў ачэплены салдатамі, а рух па дарозе перакрываўся. Грунтуючыся на дакументах следства і суда над фашысцкімі злачынцамі (былым начальнікам гестапа Хейнцам Эрэлісам і былым начальнікам паліцыі бяспекі і СД акругі Беласток доктарам Вільгельмам Альтэнло), на форце, які знаходзіўся за межамі горада, прыводзіліся ў выкананне смяротныя прысуды па рашэнні ваенна-палявога суда. Прысуд зняволеным выносіўся ў гродзенскай турме. Далей расстрэльная каманда вывозіла асуджаных на форт. Пры гэтым на форце не мелі права прысутнічаць ніякія іншыя сведкі. Доктар Альтэнло пацвердзіў, што ўсе прысуды выконваліся за горадам – на форце. І толькі адзін раз некалькі чалавек за рабаванне былі пакараны смерцю праз павешанне ў самой турме. Колькасць знішчаных немцамі вязняў гродзенскай турмы невядомая. Згодна матэрыялам следства, па меншай меры адзін раз пры пакаранні смерцю на форце прысутнічаў камендант гродзенскага гета № 1 Курт Візэ. З гэтага можна зрабіць выснову аб магчымых пакараннях смерцю яўрэяў на форце.
Цалкам верагодна, што першыя расстрэлы на форце № 2 адбыліся яшчэ ў канцы 1941 – пачатку 1942 г. Па ўспамінах жыхара в. Навумавічы Верхава Паўла Міхайлавіча, першымі тут былі расстраляны сем савецкіх ваеннапалонных. Адзін з першых дакладна вядомых расстрэлаў на форце № 2 адбыўся ў пачатку лютага 1942 г. 25 студзеня ў Гродна немцамі былі арыштаваны шэсць членаў падпольнай групы Мікалая Волкава. Гэта быў адзін з першых стваральнікаў антыфашысцкіх падпольных груп у Гродне яшчэ ў ліпені 1941 года. На працягу лета і восені 1941 года група Волкава аказвала дапамогу ваеннапалонным, даставала зброю і медыкаменты, правяла некалькі дыверсій. На форце былі расстраляны: М. А. Волкаў, яго жонка лекар Варвара Васільеўна Шапашнікава, былы галоўны бухгалтар Гродзенскага райспажыўсаюза Н. Быкаў, настаўнік Г. Хораў, Г. Васілюк (жонка кіраўніка другой падпольнай групы), рабочы гарбарнага завода И. Завіша.
Больш за ўсё звестак захавалася пра тры вялікія расстрэлы на форце мірных жыхароў. Гэта расстрэлы 20 кастрычніка 1942 года, 13 лiпеня і 15 ліпеня 1943 года.
У сярэдзіне кастрычніка 1942 года падпольшчык з Арміі Краёвай Вітольд Матушэўскі забіў побач з вёскай Навумавічы нямецкага жандара і паліцэйскага. Па адной з версій, Матушэўскі вёз у горад нелегальную літаратуру, па іншай – мяса і самагон. У адказ нямецкія ўлады ўзялі ў закладнікі сто чалавек з ліку даволі вядомых гродзенцаў, а таксама жыхароў навакольных вёсак. Па горадзе былі расклеены аб’явы, якія паведамлялі, што арыштаваныя будуць адпушчаны, калі вінаваты сам з’явіцца ў гродзенскае гестапа. З прычыны таго, што Матушэўскі так і не з’явіўся, начальнік гестапа Фром загадаў расстраляць кожнага чацвёртага з арыштаваных. Гэта былі: былы віцэ-прэзідэнт Гродна Раман Савіцкі, суддзі Вінцэнт Гедройц і Эдвард Шакальскі, натарыус Мечыслаў Завадскі, лекары Ілья Жураўскі і Казімір Казакевіч, былы дырэктар школы № 8 Юзаф Вевюрскі, былы школьны інспектар, настаўнік матэматыкі Юзаф Мрачкоўскі, выкладчык гімнастыкі Зыгмунт Мразоўскі, настаўнік выяўленчага мастацтва Юзаф Ванатоўскі, выкладчык Францішак Данько, былы дырэктар тытунёвай фабрыкі Ян Шыманскі, вартаўнік фабрыкі Францішак Сарасек, выпускнік гандлёвай школы Яўген Світа, інжынеры Уладзімер Бёске і Мечыслаў Альбрэхт, тэхнік Стэфан Бараноўскі, былыя польскія афіцэры Міхаіл Фердула і Уладзіслаў Ферстэр і інш. Жыхары горада спешна прынялі захады, каб выратаваць арыштаваных. Для гэтага была сабрана значная грашовая сума. Аднак нічога не дапамагло, і немцы толькі пагадзіліся растраляць дваццаць пяць чалавек замест ста.
У апошні момант перад расправай адбылося незвычайнае здарэнне: да немцаў звярнуўся выкладчык прыродазнаўства гімназіі Ян Каханоўскі. Ён быў вельмі вядомым у горадзе чалавекам – адзін са стваральнікаў гродзенскага заапарка, музея прыроды, арганізатар шматлікіх экскурсій, выстаў. Ян Каханоўскі папрасіў немцаў адпусціць Юзафа Вевюрскага, які быў бацькам шасці дзяцей, і прапанаваў узамен самога сябе. Немцы пагадзіліся… 20 кастрычніка 1942 года закладнікі (20 чалавек з горада і 5 чалавек з вёсак) былі расстраляны на форце № 2. Форт знаходзіўся ў нямецкім ачапленні, таму родныя не змаглі забраць целы забітых. Толькі пазней родныя змаглі дастаць цела забітага Яна Каханоўскага, які быў перапахаваны ў Гродне.
Вітольд Матушэўскі, які пераехаў у Варшаву, быў арыштаваны членамі Арміі Краёвай і прызнаны вінаватым у трагедыі на форце № 2. Прысуд аб яго пакаранні хацелі правесці ў Гродне, аднак ход вайны не дазволіў рэалізаваць гэты план, лёс Вітольда Матушэўскага невядомы.
13 ліпеня 1943 года на форце была расстраляна група з 50 польскіх закладнікаў з мястэчка Ліпск, сярод якіх была Мар’яна Бярнацкая. У пачатку ліпеня з-за забойства нямецкага афіцэра гестапа арыштавала некалькі жыхароў горада, у тым ліку і яе сына Станіслава Бярнацкага, а таксама яго цяжарную жонку Ганну. Мар’яна ўпрасіла немцаў памяняць яе на нявестку. Немцы пагадзіліся. Арыштаваных першапачаткова прывезлі ў гродзенскую турму, а праз некаторы час вывезлі на форт і расстралялі. 13 чэрвеня 1999 г. Марыяна была беатыфікавана Папам Рымскім Янам Паўлам II. Благаславёная Марыяна з’яўляецца нябеснай апякункай усіх цешчаў.
Наступны расстрэл немцы правялі на форце праз дзень. У ноч з 14 на 15 ліпеня 1943 года нямецкая паліцыя схапіла трох каталіцкіх святароў і ад 16 да 25 сем’яў, у тым ліку жанчын і дзяцей. Гэтыя арышты былі вынікам так званай «пацыфікацыі», накіраванай супраць польскага руху супраціўлення. 15 ліпеня ўсе затрыманыя былі расстраляны. Жыхар в. Навумавічы Павел Верхаў быў сведкам, як у форт прывозілі раздзетых жанчын, старых, дзяцей. Рукі іх былі перацягнуты калючым дротам. Пасля расстрэлу з магілы даносіліся страшэнныя стогны недабітых ахвяр, плач дзяцей. Сярод забітых у гэты дзень быў дырэктар школы № 8 Юзаф Вевюрскі з усёй сваёй сям’ёй.
Летам 1944 года, за два месяцы да адступлення, немцы сталі прымаць захады, каб схаваць сляды сваіх злачынстваў. На форт № 2 яны прывозілі зняволеных з гродзенскай турмы (па іншай версіі – яўрэяў) і прымушалі іх выкопваць целы забітых і спальваць іх. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, гэта працягвалася ўдзень і ўначы на працягу некалькіх дзён. На ўсё наваколле ішоў густы задушлівы дым…
У ліпені 1944 года Гродна быў заняты войскамі савецкай 50-й арміі. Жыхары горада звярнуліся да вайсковага камандавання з лістом, у якім пералічвалі нямецкія злачынствы супраць мірных жыхароў, у тым ліку і расстрэлы на форце каля вёскі Навумавічы. Прывядзём ніжэй цытату з гэтага ліста: “Горка ўспомніць тыя страшныя дні, калі ля форта № 2 старой гродзенскай крэпасці немцы нішчылі тысячы нявінных людзей – жанчын, дзяцей, старых. На нашых вачах па шашы Гродна – Сапоцкін праходзіла па шэсць-сем і больш крытых машын. І кожны раз пасля гэтага з боку форта № 2 даносіліся крыкі тых, хто гінуў, стогны і крыкі якіх заглушаліся аўтаматнымі чэргамі і стрэльбавымі залпамі. Тут закатаваны сярод тысяч іншых прадстаўнікоў інтэлігенцыі і рабочых Гродна: доктар гарадской бальніцы Лазоўскі, інжынер-будаўнік Альбрэхт, дырэктар гарадской школы Вевюрскі, працоўны склада Дубоўскі, ксёндз касцёла назарэтанак Скакоўскі”.
У сакавіку – чэрвені 1945 г. на форце № 2 Гродзенская гарадская і Сапоцкінская раённая камісіі НДК (Надзвычайная дзяржаўная камісія па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў) вялі расследаванне нямецкіх злачынстваў. У выніку работы гэтых камісій і была вызначана прыкладная колькасць тых, хто загінуў на форце, – каля 3 тысяч чалавек. Былы член камісіі Уладыкін Аляксандр Аляксеевіч апісваў: “Будучы ў складзе камісіі па раследаванні фашысцкіх злачынстваў, я разглядаў форт № 2 у в. Наумаўка. Каля напаўразбураных казематаў знаходзіцца некалькі рвоў, некаторыя працягам да 100 м. У гэтых равах, па расказах мясцовых жыхароў, з захопам горада немцамі, у 1941 г. пачаліся масавыя расстрэлы… Калі я аглядаў, равы былі выраўненыя, пляцоўкі, на якіх спальвалі трупы, прысыпаны зямлёй, але пад дзесяцісантыметровым пластом зямлі я выявіў тоўсты пласт у 25–30 см попелу, у якім трапляліся не згарэлыя цалкам косткі, кавалачкі адзення, абгарэлыя гузікі. Недалёка ад пляцоўкі ляжала чалавечая костка, якую, відаць, немцы не заўважылі…”
Згодна распараджэнню Савета Міністраў БССР ад 8 красавіка 1959 года, на форце № 2 каля вёскі Навумавічы да наступнага года неабходна было ўсталяваць мемарыяльную дошку на пастаменце ў памяць пра тое, што тут «фашыстамі былі расстраляны звыш трох тысяч савецкіх грамадзян». У 1960 г. побач з фортам быў усталяваны помнік “Скорбящая мать”, а ад трасы да яго была пракладзена асфальтавая дарожка. Ужо з 1960-х гг. форт № 2 выкарыстоўваўся як мемарыяльны помнік ахвярам фашызму. У 1980-х гг. дзякуючы ініцыятыве польскіх улад (Падляскае ваяводства) на форце праводзіліся рэгулярныя сумесныя сустрэчы польскай і беларускай моладзі. У 1990 г. на гаржавым насыпе форта па ініцыятыве жыхароў горада Ліпск і вёскі Адамавічы (адныя з ініцыятараў – Ядвіга Гердзевіч і ксёндз Аляксандр Шэмет) быў пастаўлены помнік-крыж з чорнага граніту, а таксама пліта з пералікам на польскай мове вядомых імён расстраляных тут жыхароў Гродна і Ліпска.