„Новый свет” старога Гродна

У назве аднаго з кварталаў старога Гродна – “Новы свет” увасобілася адразу шмат. Гэта і звычайнае прагненне чалавека да шчасцья, і трошку наіўная вера ў тое, што мінулае магчыма выправіць, перапісаць занава, каб пачаць з чыстага аркушу, з пачатку.  І, канешне, іронія: вось ён які наш “Новы свет”, што можа змясцўцца ў некалькі вуліцах і перавулках.

У адрозненні ад варшаўскага ці львоўскага кварталаў з гэткай жа назвай, гродзенскі “Новы свет” на шмат маладзейшы, хаця першыя забудовы з’яўляюцца тут ужо напрыканцы XVIII стагоддзя. Пасапраўднаму гісторыя “Новага света” бярэ свой пачатак з 24 чэрвеня 1875 года, калі гэтыя землі былога “Станіславовскага ключа” былі далучаны да горада.  Пазней раён увесь час пашыраецца, расце за кошт уладанняў маёнтка Друцкіх-Любецкіх, набывае арыгінальныя, непаўторныя рысы адзінага, гісторыка-культурнага ансамбля, сумяшчая розныя архітэктурныя накірункі і стылі. Побач з палацавым ансамблям Станіславова, які непасрэдна далучаецца да “Новага свету” з’яўляюцца цагляныя забудовы стылю цаглянай эклектыкі, паміж якімі можна сустрэць выдатныя прыклады мадэрну ці неаготыкі.

Ужо пасля Першай Сусветнай вайны “Новы свет” ператвараеца ў квартал гэтак званага сярэдняга класа. Але, сапраўдны будаўнічы бум распачаўся тут  пасля крызісу пачатку 1930-х гадоў. Паўсюдна аднаўляюцца фасады старых будынкаў, насаджаюцца дрэвы ў парках і ўздоўж вуліцаў, ствараюцца новыя скверы. Асноўным архітэктурным стылем у Гродне таго часу становіцца канструктывізм і сецесія.

Менавіта жылыя дамы ў стылі канструктывізм і гарадскія  асабнікі былі прыкметай “Новага света” міжваеннай пары, а галоўнымі яе жыхарамі сталі інжынеры, настаўнікі, чыноўнікі, урачы ды вайскоўцы.

Калі сёняшняя вуліца Першага мая – былы Якаўлеўскі праспект, гэта класічны прыклад горадабудаўнічай думкі канца ХІХ стагоддзя, дык нейкая Астроўская, ці Міцкевіча ўжо нарадзіліся у выніку змяшання эпох, нават, у розных дзяржавах. Толькі на вуліцы 17-га верасня можна сустрэць месца, дзе  пачаткова мела быць пабудавана летняя рэзыдэнцыя Антонія Тызенгаўза, замест якой пазней паўстаў казённы вінны склад, каб некалькі дзесяццігоддзяў пасля побач падняліся домкі ў стылю канструктывізма для ветэранаў польска-савецкай вайны. У адным з гэтых дамоў жыў і Ян Каханоўскі – заснавальнік гродзенскага заапарку, руплівец на глебе вывучэння і аховы прароды роднага краю.

Былая Паўночная – сённяшняя Валковіча, так сама сфарміравалася пасля куплі гарадскімі ўладамі зямель у князёў Друцкіх-Любецкіх. Да гэтага на яе месцы ў канцы XVIII ст. знаходзіўся комплекс пабудоў вайсковых казарм. Асноўная гістарычная забудова тут адносіцца да перыяду пасля пажару  1885 года – росквіту стыля эклектыкі. З найбольш цікавых падаюцца гэткія адрасы, як Валковіча № 1 – апошні прытулак беларускай школкі ў Гродна, № 4 – дом на якім захаваўся прыгожы чугунны гаўбец з масцярской Вячоркі ў Беластоку, № 5 а – “месцячковы” варыянт эклектык”, дзе ў восень 1941 года жыў беларускі гісторык Вацлаў Пануцэвіч.

Сапраўдным музеем гарадзенскага графіці пад адкрытым небам можна лічыць камяніцу па вуліцы Валковіча № 1, былой Батанічнай  – дом Гельснера, дзе праз доўгі час мясціліся казармы, гарадскі шпіталь, некалькі школаў – імя каралевы Ядвігі, беларуская школа, Гродзенскі вячэрні філіял Мінскага політэхнічнага тэхнікума, бухгалтарская школа, школа № 2 ды, нават, музей прыроды Станіслава Жыўны!

Колькасць надпісаў сягае тут некалькі дзясяткаў, калі ня больш. Зроблены яны рознымі інструментамі – алоўкам, цвіком, фламастарам, і ахопліваюць амаль усе мінулае стагоддзя. Прычым тут можна выдзяліць некалькі групаў аўтара: вайскоўцы, школьнікі, навучэнцы тэхнікума і ў кожнай з ніх была свая сваеасаблівая мова, свой уласны набор сымбалаў ды знакаў. Вайскоўцы, часцей за ўсе, пакідалі дату службы ды час, які застаўся да дэмабілізацыі. Выпускнікі пасляваеннай пары – амаль поўны склад свайго класа. Студэнты – …тут ужо быў пэўны момант гульні, калі сучаснаму графіці надаваўся характар тэкста сваіх папярэднікаў.

Усе гэтыя надпісы разам ствараюць суцэльны гарадзенскі палімпсест: «Здесь учился граф Уваров де Код… 24 августа 1909 года … казарме А. Казак. 1908 года октября 23 Андру… Witold z Wolkowysku dn. 24.V.1939 godz. 12 Łodz Неубауер 3. IV.1940 Skrzyustów dnia 1.VI.1938 1908 год служба в… Tadek Piatkewicz Вни… Сергей Червон.. в служб 1908… 1905 году осталось службы 192 дня… Седян…  керж (?) унт.

Суседняя з Валковіча вуліца Батанічная – яна ж Раздельная, Dziełna, Botoniczna, Kanzlerstr., сфарміравалася яшчэ, як частка квартала Гарадніца. Задумавалася яна ў якасці магістралі, якая б звязывала Парадную плошчу ( сучасную плошчу Тызенгаўза ) з мастом праз Гараднічанку каля карчмы «Раскоша».

“Табе, што праходзіць звонку, шлях да ісціны важнейшы”

Гродзенскі Новы свет часам нагадвае выспу скарбаў. Прычым у літаральным сэнсе. Над вокнамі трэцяга паверха камяніцы Нахіма Індурскага па вуліцы Батанічнай, № 15 можна пабачыць рэльефныя лацінскія літары TEPSIVA, якія, магчыма, з’яўляюцца скаротам лацінскага выразу: “Табе, што праходзіць звонку, шлях да ісціны важнейшы”. Існуе і іншае іх тлумачэнне, быццам напіс узнік ужо пазней, падчас рамонту дома, калі будаўнікі дзеля жарту змясцілі кожны па літары свайго імя. Насамрэч tepsiva у перакладзе з фінскай мовы азначае… “для разумных”! Дарэчы, іншае паданне, звязанае з гэтым домам, сцвярджае, быццам бы падчас рамонту ў старой печцы тут быў знойдзены клад залатых манет, які потым бясследна знік. Цалкам верагодна, што напіс дачакаўся свайго адрасата…

Яшчэ адна вуліца – Акадэмічная, была названа так у 1931 годзе ў гонар школаў часоў А. Тызенгаўза. Яна сама па сабе – суцэльны помнік гісторыі. Акадэмічная № 2  – гэта дом Генрыха Замкоўскага, дзе вясной 1920 года працавала Центральная беларуская школьная рада Гродзеншчыны. Акадэмічная № 13 – дом урача К. Бялецкага, што з’яўляўся апекуном гродзенскага беларускага прытулку, а ў 1922 годзе вылучаўся ад беларусаў на выбарах у сенат. Акадэмічная № 15 – дом Зоф’і Зарін. Тут у 1924-1926 гадах разам са сваім мужам Янам Гожэхоўскім жыла польская пісьменніца Зоф’я Налкоўская.

Ну і канешне ўласна будынак кіркхі, які гэтак прыцягвае да сабе незвычайнай для Гродна неагатычнай  архітэктурай ды суседняя каменіца па Акадэмічнай № 7/1 – дом пастара. Адным з найбольш вядомых пастараў быў Освальд-Адольф Плямш, між іншым, заядлы філіатэліст. Паводле гісторыка Юзэфа Ядкоўскага, пастар нават падрабіў адну з вельмі рэдкіх паштовых марах, што выдавалася ў Гродна ў час Першай сусветнай вайны. Іншыя былі ўпэўнены, што Плямш – нямецкі шпіён…

Гэта ў “Новым свеце”, на ўскрайку галоўных турыстычных маршрутаў, у драўляным доме на рагу вуліцы Першамайскай прытуліўся музейчык беларускага паэта Максіма Багдановіча. Сям’я Багдановічаў пражыла ў горадзе зусім нядоўга: толькі чатыры гады – з 1892 па 1896. За гэты час яны змянілі некалькі адрасоў: жылі ў доме Марушэўскага, Шміта.  Здымалі яны пакоі і ў доме Агульніка ў “Новым свеце”. Зараз ужо не варта казаць, той гэта дом ці не, бо галоўнае – гэта сам музей і ўласна сама спадчына Паэта.

Зусім побач – мемарыяльная дошка ў гонар Рыгора Шырмы. Гэта той рэдкі выпадак, калі беларускае імя знайшло сваё пачэснае месца сярод гарадзенскіх камяніцаў. Час ад часу да гэтай мемарыяльнай дошкі  нехта прыносіць кветкі. Чаго яшчэ можна жадаць? Аднак постаць Рыгора Раманавіча – гэта яшчэ і прыклад таго, як праўдзівая беларушчына ператваралася ва ўмовах псеўдабеларускай савецкай дзяржаўнасці ў бязлікую дэкарацыю. Усё, што было вартаснага ў жыцці гэтага чалавека: ягоная палітычная ды культурна-асветніцкая дзейнасць, гарачая прапаганда беларускай культуры, самаахвярная праца на карысць беларускай асветы – усё гэта было зведзена да ўзроўню фальклорных спеваў  у “савецкім Гродна”.

Былы “сусед” сям’і Багдановічаў – Шымон Відгорчык, можа прэтэндаваць на званне першага гродзенскага рэкеціра, гэткага мясцовага Бэню Крыка, персанажа адэскіх апавяданняў Бабеля. Гарадзенскі “Бэня” “трымаў” мясцовых фурманшчыкаў ды вадавозаў, акрамя того быў знаны са сваіх наведванняў дарагіх рэстаранаў. Ш. Відгорчык зладзіў, магчыма, першы ў горадзе турнір па боксе паміж жыхарамі горада ды афіцэрамі Вяцкага палка. Праўда, сам арганізатар хутка быў асуджаны за збройны налёт. Аднак за кратамі затрымаўся не надоўга. Відгорчык збег з этапа і праз некалькі год апынуўся ў Палестыне, дзе праявіў свае арганізацыйныя таленты ў якасці кіраўніка сельскагаспадарчага кааператыва. Там ён і загінуў падчас збройнай сутчыкі з бедуінамі…

На перасячэнні Дзяржынскага – былой Сапёрнай-Нарутовіча, і 17-га верасня – былой Крайняй, 11-га лістапада, яшчэ ў 1895 годзе па праекту вайсковага ўнжынера генерал-маёра Штальмана быў пабудаваны комплекс казарм 4-га Сапёрнага батальёну, зараз больш вядомы, як будвнак вайсковага шпіталю. Будынак гэты заўсёды выкарыстоўваўся вайскоўцамі. Салдаты, стоячы на варце, пакідалі на цэглах уласныя імёны, даты. Таму ў зараз з боку вуліцы Дзяржынскага на цэглах ягоных муроў можна адчытаць аўтографы тых часоў: “Рядовой Иван Нить, 1893”, “jefrejtar Bolek z Gdyni, 1931”, “Jozaf Szafrański, 1934”, «1942, Содыков А.П., II.1942»…

Побач, на вуліцы 17-га верасня захаваўся дом Федарукоў. Леанід Федарук, сын дырэктара мясцовай беларускай школкі, сяміразовы прадстаўнік Польшчы на міжнародных спаборніцтвах, трохразовы рэкардсмен краіны, двухразовы чэмпіён у кіданні дыска, трохразовы віцэ-чэмпіён, бронзавы медаліст чэмпіянату па штурханні ядра. Ён быў уключаны ў склад польскай алімпійскай зборнай на Алімпіяду ў Хельсінкі, якой так і не наканавана было адбыцца. Перад самай Другой сусветнай Леанід скончыў танкавую школу. Ужо пазней уступіў у армію Андэрса, быў падпаручнікам легендарнага танкавага палка “Скарпіёны”. Удзельнічаў у баях у Афрыцы і ў бітве за Монтэ-Касіна. Загінуў падчас баёў за “Вал готаў” і быў пахаваны на могілках у Ларэта. Як сапраўдны герой…

На цяперашняй вуліцы Астроўскага любіў трэніравацца Вітольд Герута, легенда міжваеннага спорту, які захапляў гледачоў як сваімі дасягненнямі, гэтак і разнастайнасцю талентаў. Нарадзіўся ён у Харбіне, скончыў гімназію ў Гародні. Лёгкаатлет-дзесяціборац, рэкардсмен у штурханні ядра, сярэбраны медаліст чэмпіянату Еўропы, удзельнік Алімпійскіх гульняў у Лондане, адзін з заснавальнікаў гарадзенскага баскетбола, ён падаваўся настолькі неверагодным, што сярод заўзятараў атрымаў мянушку Мефіста!

У 1930-я гады на вуліцы Грандзіцкай можна было сустрэць асаблівую постаць – высокую, апранутую ў цёмную адзежу жанчыну сярэдніх гадоў, якую ўсе клікалі Інспектарша. Гэтай псіхічна хворай кабеце не падабаліся ўсе іншыя сустрэчныя жанчыны, якіх яна пачынала голасна раўнаваць да свайго мужа, які якраз служыў інспектарам у нейкай мясцовай канторы. Былі і іншыя. Напрыклад, вартаўнік гродзенскай семінарыі Сільвестр, які аддаў амаль трыста злотых на аднаўленне былога кляштара бернардынак. “Кожны, – пісаў Юзаф Ядкоўскі, – хто хаця б аднойчы бачыў Сільвестра, у стане па-сапраўднаму ацаніць усю глыбіню ягонага ўчынка”…

Прыкладна ў той самы час жыў у Гародні і іншы дзівак, якога ўсе навокал клікалі дурным Янкам. Ён хадзіў па горадзе басанож, брудны, апрануты ў рванае адзенне. Аднойчы, згодна мясцовай легендзе, ужо пасля таго, як у горад завіталі бальшавікі, Янка трапіўся на вочы малой дачцэ савецкага афіцэра, што прыехалі сюды сям’ёй з савецкага “раю”. Дзіця, убачыўшы Янку, на хвілінку аслупянела, а пасля голасна і радасна выбухнула: “Татка, татка, глядзі, а тут таксама ёсць калгаснікі!”. Ужо пазней, як распавядае іншая легенда, падчас дэпартацыі Саветамі мясцовага польскага насельніцтва Янка быццам бы меў прароча адзначыць: “Вязуць іх усіх у «Рай зямны»”…

Пры немцах у горадзе існавала толькі дзве школы – для фольксдойчаў ды невялічкая беларуская. Інакш вучыцца было нельга. Таму ў горадзе існавалі патаемныя школкі. Адна з іх мясцілася ў доме пані Гэлены Ражко па сённяшняй вуліцы Ватуціна. Хадзіла туды каля дванаццаці вучняў, а сама “школа” працавала ў тры змены. Пры гэтым адзін з вучняў стаяў “на шухеры”, гэта значыць назіраў, ці не набліжаецца нямецкі патруль. У выпадку пагрозы дзеці беглі на паддашша, дзе хаваліся пад вялікай старой ваннай ды іншымі вялікі старымі рэчамі.

Аднак, мроі аб шумных, шырокіх праспектах ў абрамленні геаметрычна вывераных, расчэрчаных пад лінейку вуліц не было наканавана здейсніцца. Гэтая частка Гародні, яшчэ з тых часоў, калі зусім побач пачыналіся шырокія вясковыя палі, захавала ледзь прыкметны адценак гарадской перыфірыі. Сёння “Новы свет” – гэта абшар паміж вуліцамі Станіславоўскай і старой часткай Горкага уздоўж 17-га верасня, Міцкевіча ды Акадэмічнай.

На кожнай з ягоных вулачках ды перавулках жыве гісторыя ў яе першародным, штодзённым абліччы. Тут няма другарадаснага, бо гэты сусвет жыве ў суцэльнай, непарушанай пакуль яшчэ, гармоніі.

АЎТАР: Андрэй Чарнякевіч