Ад драўлянага да мураванага

Гісторыя Нясвіжа цесна звязана з родам Радзівілаў. Дзякуючы іх дзейнасці горад сёння вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. На працягу стагоддзяў Радзівілы ўплывалі на розныя сферы жыцця ўсёй краіны, але ніколі не забывалі пра сваё радавое гняздо. Доўгі час яны ўкладвалі ў яго сродкі і спрыялі развіццю. Традыцыя апякунства магнатамі горада была закладзена яшчэ з пачатку XVI ст., калі Нясвіж стаў уласнасцю Радзівілаў.

Пры першай згадцы (1445 г.) Нясвіж фігуруе яшчэ не як горад, а як “двор” і належыць Мікалаю Неміровічу. За паўстагоддзя ўладальнікі мяняюцца некалькі разоў і толькі ў 1513 г., калі Ганна з роду Кішак выходзіць замуж за Яна Радзівіла Барадатага [1], у якасці пасага прыносіць мужу Нясвіж і шмат іншых маёнткаў і двароў.

Першым Радзівілам, які нарадзіўся ў Нясвіжы, быў Мікалай Радзівіл Чорны [2]. Ён быў удалым палітыкам і займаў галоўныя дзяржаўныя пасады (быў канцлерам і віленскім ваяводам). Кар’ернаму росту спрыяла не толькі дыпламатычнасць князя, але і сяброўства з каралевічам Жыгімонтам Аўгустам. Нядоўгі час яны нават былі сваякамі, калі Жыгімот ажаніўся з стрыечнай сястрой Чорнага Барбарай Радзівіл.

Актыўная палітычная дзейнасць патрабавала ад Мікалая Радзівіла Чорнага часцей бываць у Вільні і Кракаве, чым ў Нясвіжы. Тым не менш, маленькі і пакуль драўляны Нясвіж займаў важнае месца ў жыцці Радзівіла. Аб гэтым сведчаць некалькі фактаў: пацверджаны Радзівілам Чорным (у 1547 г.) тытул князя “на Алыцы і Нясвіжы”, арганізацыя там велікакняжацкага архіва і стварэнне там аднаго з важных рэфарматарскіх цэнтраў. Князь сам пераходзіць ў кальвінізм і фінансуе будаўніцтва пратэстанцкіх збораў у краіне. Менавіта ў Нясвіжы пратэстант Сымон Будны друкуе на старабеларускай мове свой “Катэхізіс”, які прысвячае старэйшаму сыну Чорнага – Мікалаю Крыштафу Радзівілу Сіротцы [3], які, іронія гісторыі, стане потым адданым каталіком.

У гэты час (сярэдзіна XVI ст.) Нясвіж усё яшчэ з’яўляецца “абарончым драўляным дваром”, пра гэта піша даследчык Нясвіжа і Радзівілаў Т. Бернатовіч. Пры гэтым, другі даследчык, Б. Таўрагінскі лічыў, што ў гэты час ужо існаваў драўляны замак. Так ці інакш, пры Мікалаі Радзівіле Чорным Нясвіж яшчэ невялікі і драўляны.

Гісторыя мураванага Нясвіжа, а з гэтым і росквіт горада, звязаны з асобай Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Будучы пратэстантам (як і бацька) ён паехаў вучыцца ў Еўропу. Там пазнаёміўся з каталіцкімі ідэолагамі, такімі як Пётр Скарга, Станіслаў Варшавіцкі і інш. Пад іх уплывам (спрыяла і хвароба маладога князя) пераходзіць у каталіцызм і становіцца, як казаў Папа Рымскі Грыгорый ХІІІ “апорай каталіцызму ў Літве”. Аб сваім рашэнні ён аб’явіць пазней, калі стане апекуном сваіх братоў і атрымае бацькоўскую спадчыну. За старэйшым братам астатнія сыны Чорнага таксама перайшлі ў каталіцызм, а адзін з іх – Юры Радзівіл стаў біскупам віленскім, потым кракаўскім, а затым і кардыналам.

Браты Радзівілы ў 1586 г. стварылі тры ардынацыі: Нясвіжскую, Алыцкую і Клецкую (непадзельнае ўладанне, якое перадавалася па спадчыне толькі старэйшаму сыну). Пры падзеле нясвіжскую ардынацыю атрымаў М. К. Радзівіл Сіротка. З цягам часу Алыцкая і Клецкая лініі Радзівілаў згаслі, а іх маёмасць перайшла да нашчадкаў Сіроткі, якія валодалі ардынацыяй аж да 1939 г.

Першапачаткова Мікалай Крыштаф Сіротка не моцна пераймаўся станам сваіх уладанняў, толькі прымусіў пакінуць Нясвіж рэфарматарскую друкарню (1572 г.), якая існавала там амаль 10 год. Заняты сваёй хваробай, а з ёй і дэпрэсіяй Сіротка скіраваўся ў паломніцтва на Святую Зямлю. Перад ад’ездам, будучы яшчэ ў Італіі, князь задумаў пабудаваць у Нясвіжы касцёл і езуіцкі калегіум. Дзеля гэтай справы запрасіў у сваё радавое гняздо прадстаўнікоў ордэна Ісуса, каб яны агледзелі мясцовасць. Ацэнка езуітамі Нясвіжа, мякка кажучы, не была станоўчай. Яны назвалі Нясвіж “пячорай” (spelunca), пісалі пра неўладкаванасць, правінцыяльнасць і ў выніку адмовіліся ад заснавання там калегіума. Гэта ўзрушыла магната і, верагодна, тады ён вырашыў стварыць у “цэнтры Сарматыі сапраўдную Італію”. Рашэнне ператварыць Нясвіж у сучасны еўрапейскі горад прыйшло пад час падарожжа да Труны Гасподняй.

Верагодна, што на працягу падарожжа Мікалай Крыштаф Сіротка разважаў над тым, як увекавечыць свой род і горад, бо ідэя заснавання сямейнай пахавальні ўзнікла пасля наведвання Егіпта. Нятленныя целы зацікавілі князя, і ён нават набыў дзве муміі, каб завесці іх ў Нясвіж. Пасля таго, як яны былі пагружаны на карабль, пачалася бура, і маракі настаялі, каб муміі былі выкінуты за борт, палічыўшы іх вінаватымі ў непагадзі. Паколькі сам Сіротка і яго нашчадкі пахаваны у сямейнай крыпце, а целы іх забальзамаваны, то ёсць вялікая верагоднасць таго, што рэцэпт бальзаму для муміфікацыі быў прывезены з Егіпта.

Прыбыўшы з паломніцтва, Мікалай Крыштаф Сіротка адразу ў Італіі вырашае некалькі пытанняў адносна сваёй задумкі будаўніцтва “ідэальнага” горада. Ён запрашае італьянскага архітэктара Яна Марыя Бернардоні і іншых спецыялістаў працаваць у Нясвіж. Просіць у Папы Рымскага дазволу на закладанне сямейнай пахавальні ў Нясвіжы.

Па прыбыцці ў Нясвіж князь сутыкаецца з мноствам праблем, звязаных з пошукам неабходных спецыялістаў і будаўнічых матэрыялаў. Тым не менш, шырокамаштабнае будаўніцтва пачалося. Радзівіл усё ж такі пераканаў езуітаў (падарыў некалькі вёсак і ахвяраваў значную колькасць грошай) заснавацца ў Нясвіжы і пабудаваць касцёл з калегіумам.

Адначасова працы вяліся ў розных напрамках: замак, касцёл, калегіум, манастыры і свецкія мураваныя будынкі. Князь Радзівіл паклапаціўся і пра магдэбургскае права для Нясвіжа, здабыўшы яго для горада, у караля Стэфана Баторыя. Адпаведны прывілей быў падпісаны ў красавіку 1586 г. У тым жа годзе Сіротка выдае свой прывілей, дзе, апроч іншага, загадвае гараджанам (у той час гэта каля 3000 чалавек) пабудаваць мураваную ратушу і дзве ўязныя брамы за свой кошт. Такім чынам, не толькі Радзівілы, але і мяшчане прычыніліся да будаўніцтва горада.

Замак будаваўся на паўвостраве, усе як адзін даследчыкі кажуць, што на той час гэта пабудова была надзвычай прагрэсіўнай. Невядома, хто быў архітэктарам замка, многія прыпісваюць аўтарства Яну Бернардоні, але ён прыехаў у Нясвіж, калі працы ўжо пачаліся. Таму пытанне пакуль застаецца адкрытым. Безумоўна, гэта быў чалавек, які ведаў тэорыю і практыку перадавой на той час фартыфікацыі.

Што тычыцца будаўніцтва гарадскіх умацаванняў, то вакол горада быў насыпаны земляны вал у форме няправільнага чатырохвугольніка, які часткова абкладаўся каменнем. У горад можна было заехаць праз адну з пяці брам: Слуцкую, Віленскую, Мірскую, Клецкую, Замкавую. Брамы ўбудоўваліся ў курціны. Абарончымі былі і тры сакральныя пабудовы горада: кляштар бенедыкцінак з касцёлам Святой Яўфіміі на паўднёвым захадзе, кляштар бернардзінцаў і касцёл Святой Кацярыны на паўночным усходзе і ўніяцкая царква Святога Юрыя на паўднёвым усходзе.

Паступова Нясвіж усё больш становіцца падобны да еўрапейскага горада з квартальнай планіроўкай, упісанай ў прамавугольнік. Паляпшэнне стану горада адзначаў і нунцый К. Рангоні: “ўсё болей будынкаў ладнага выгляду”.

Аб тым, што князь задумаў ператварыць сваё радавое гняздо ў сапраўдны Рым, сведчыць і створаная ім на паўднёвым-захадзе ад Нясвіжа загарадная рэзідэнцыя, названая Альба. Праглядаецца поўная аналогія з размяшчэннем Рыма і Альбы Лонгі [4] адносна адзін аднаго. Рымская Альба служыла, у першую чаргу, месцам для загарадных віл мясцовай эліты. Там была і віла Папы Рымскага дзе, верагодна, бываў Мікалай Крыштаф Радзівіл.

Паколькі месца выбранае для Альбы было балоцістае, то з Галандыі былі запрошаны спецыялісты па асушэнню балот. У нясвіжскай Альбе, акрамя княжацкага дома і розных сельскагаспадарчых пабудоў, быў закладзены звярынец. У такіх месцах трымалі дзікіх звяроў для палявання. Наяўнасць звярынцаў у магнатэрыі не было рэдкасцю ў той час, але там звычайна трымалі прадстаўнікоў мясцовай флоры. У князя Радзівіла звярынец быў не толькі з дзікамі, ласямі і касулямі, але і з экзатычнымі жывёламі. Яшчэ ў дарозе да Святой Зямлі Мікалай Крыштаф збіраў з розных мясцін незвычайных жывёл. У сваім дзённіку ён згадвае пра леапардаў, мангустаў (“пацукі фараонавыя”), малпаў-бабуінаў, казярогаў і іншых. Праўда, далёка не ўсе дабраліся да Нясвіжа, частка загінула яшчэ на караблі. Некаторыя, наадварот, прыжыліся на нясвіжскай зямлі. Напрыклад, суслікі, калоніі якіх і па сёння ёсць каля Нясвіжа.

Адначасова з будаўніцтвам замка, горада і загараднай рэзідэнцыі князь правёў вялікую працу па ўтварэнню воднага ансамбля. На рацэ Уша, на якой знаходзіцца Нясвіж, былі пабудаваны некалькі дамб, дзякуючы чаму утварыліся штучныя азёры. Такім чынам, горад набываў не толькі асаблівую прыгажосць, але і добрую водную абарону.

Разам з ростам і ўмацаваннем радзівілаўскага горада папаўнялася і культурна-матэрыяльная і духоўная спадчына. Мікалай Крыштаф Сіротка як адукаваны чалавек (меў шырокія геаграфічныя, гістарычныя і тэалагічныя пазнанні і ведаў некалькі моў), дбаў ў адпаведнасці з традыцыямі Адраджэння, каб галоўная яго сядзіба стала цэнтрам навукі і мастацтва. З 1586 года пачаў дзейнічаць езуіцкі калегіум, які яшчэ быў у працэсе будаўніцтва, але там ужо працавалі лепшыя настаўніцкія кадры. У замку была вялікая бібліятэка, якую пачаў збіраць яшчэ Мікалай Чорны, прадоўжыў традыцыю Мікалай Крыштаф і нясвіжская бібліятэка стала найбагацейшай ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Апроч гэтага ў Нясвіжы знаходзіўся архіў, дзе захоўваліся не толькі паперы, якія сведчылі аб жыцці і дзейнасці Радзівілаў, але і былі дакументы дзяржаўнай вартасці.

Сіротка быў вялікім аматарам мастацтва і часта закупаў антыкварыят на еўрапейскіх рынках. З замежных паездак часта прывозіў ювелірныя вырабы. Вядома яго прыхільнасць да слановай косці, прычым ён купляў яе не апрацаваную, і даручаў мясцовым майстрам зрабіць з яе мастацкія творы. Амбіцыйны, як і большасць магнатаў, Сіротка быў роданачальнікам стварэння сямейнай партрэтнай галерэі. Па загаду князя з’яўляецца людвісарня (майстэрня па вырабу гармат) і ў ёй вырабляюцца шэдэўры ліцейнага мастацтва.

Для усяго задуманага і здзейсненага князем неабходны былі спецыялісты і князь іх запрашае з усіх куткоў Еўропы, але трэба аддаць належнае і мясцовым майстрам, якія прычыніліся да працы над радзівілаўскімі маёнткамі.

Асобна трэба звярнуць увагу на картаграфічную спадчыну Сіроткі. Пры яго двары ў Нясвіжы працавалі некалькі картографаў-гравёраў. Вядома некалькі імёнаў: Мацей Струбіч – немец, у мінулым сакратар караля Баторыя, які выконваў функцыі картографа, Сымон Ендрашэвіч Смятанскі – нясвіжскі мяшчанін, які па загаду князя паехаў у Маскву і зрабіў там малюнак горада. Томаш Макоўскі – паляк, які атрымаў адукацыю дзякуючы фінансаванню Сіроткі. Менавіта ён па малюнку калегі выгравіраваў выяву Масквы і таксама зрабіў гравюры некаторых гарадоў, у тым ліку і Нясвіжа. Дзякуючы ёй, мы ведаем як выглядаў Нясвіж у пачатку ХVІІ ст. Аднак, галоўнай працай Т. Макоўскага прынята лічыць карту Вялікага Княства Літоўскага, якую заказаў зрабіць Радзівіл Сіротка.

За досыць кароткі час Нясвіж, намаганнямі Радзівіла, з правінцыйнага, захалуснага і драўлянага горада ператварыўся ў сапраўды прыгожы і перадавы горад свайго часу. Прыцягненне спецыялістаў розных прафесій, адукаваных і таленавітых людзей спрыяла папулярнасці гэтага месца.

Аўтар: І.З. Мілінкевіч


[1] Ян Радзівіл Барадаты атрымаў сваю мянушку за доўгай барады якую насіў з маладых гадоў.

[2] Мікалай Радзівіл Чорны атрымаў сваю мянушку ў дзяцінстве. Традыцыйна ў Радзівілаў ўсіх першых хлопчыкаў называлі Мікалаямі, лічылі што Святы Мікалай заступнік роду. Мікалай Радзівіл Чорны меў стрыечнага брата-пагодка таксама Мікалая, з якім разам гадаваліся. Хлопчыкі мелі розны колер валасоў, таму аднаго называлі Мікалай Чорны, а другога Мікалай Руды.

[3] Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка атрымаў сваю мянушку ў раннім дзяцінстве ад караля Жыгімонта Аўгуста, які на адным мерапрыемстве супакоіў дзіця, што плакала, пакінутае без увагі, прыгаворваючы: “Ах, ты маленькі, забыты усімі Сіротка”. Такім чынам, адзін з самых багатых спадкаемцаў стаў “Сіроткай”.

[4] Альба Лонга – старажытны горад на поўдні Італіі.

Літаратура:

  • Bernatowicz T. Miles Christianus et peregrinus. Fundacje Mikołaja Radyiwiłła «Sierotki» wordznacji Nieświeskiej. Warszawa. 1998.
  • Іванова Л. Мікалай Радзівіл Чорны і пачатковы этап Рэфармацыі ў ВКЛ.// Зборнік навуковых прац “Мікалай Радзівіл Чорны (1515 – 1565 гг.): палітык, дыпламат, мецэнат”. Нясвіж. 2016.
  • Кэмпа Т. Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка (1549-1616). Віленскі ваявода. Мір. 2016.
  • Ліцкевіч А. Яшчэ раз пра “пачаткі Нясвіжа”: першыя пісьмовыя згадкі і асоба Нобеля Клаўкі. //”Герольд-Litherland” навукова-геральдычны часопіс №19, Горадня-Менск, 2013 г.
  • Метельский А. А. Забытая Альба: очерк истории загородной резиденции Радзивиллов под Несвижем. Минск, 2014.
  • Метельский А.А. Владельцы старого Несвижа. Минск, 2014.
  • Пазднякоў В. Нясвіж. /Энцыклапедыя ВКЛ Т.2. Мінск. 2006.
  • Янушкевіч А. М. Погляды Мікалая Радзівіла Чорнага на знешнюю палітыку ВКЛ// Зборнік навуковых прац “Мікалай Радзівіл Чорны (1515 – 1565 гг.): палітык, дыпламат, мецэнат”. Нясвіж. 2016.