Ракаў. Мястэчка на „мяжы цывілізацый”

Сёння мала хто скажа, што гэта невялікая вёска ў Валожынскім раёне ў міжваенны час была важным транзітным цэнтрам паміж Другой Рэччу Паспалітай і савецкай Беларуссю.

З глыбіні стагоддзяў

Упершыню Ракаў узгадваецца ў летапісных крыніцах у 1465 годзе. Тады гэта была тэрыторыя Вялікага княства Літоўскага, а пазней Рэчы Паспалітай. У сярэдзіне 16 стагоддзя Ракаў атрымаў статус мястэчка. У гэты час населенны пункт ператварыўся ў буйны гандлёвы цэнтр, да таго ж стаў цэнтрам графства. У Ракаве была створана вядомая на той час друкарня. У канцы 16 стагоддзя Канстанцыя Сангушка з Сапегаў заснавала тут дамініканскі кляштар Святога Духа.

У пачатку 18 стагоддзя кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аўгуст Моцны надаў Ракаву прывілей на 2 кірмашы ў год, што паўплывала на эканамічнае развіццё мястэчка на Іслачы. Праз Ракаў праходзіла два важных шляхі: Мінск — Пяршаі — Валожын — Ашмяны і Ракаў — Вілейка. У пачатку 18 стагоддзя Казімір Сангушка заснаваў там базылянскі манастыр. У той час у Ракаве было 297 двароў, 24 крамы і 91 рамеснік.

Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка ўвайшло ў склад Імперыі Раманавых і ператварылася ў цэнтр аднайменнай воласці Мінскага павету. Пасля паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 г. царскія ўлады канфіскавалі Ракаў у Сангушкаў і перадалі яго фельдмаршалу Салтыкову. Адзначым, што ў в. Душкава пад Ракавам пахаваны генерал Караль Мараўскі, якога Касцюшка накіраваў у ВКЛ для арганізацыі паўстанскіх часцей. Аднак, генерал-маёр быў перахоплены расейскімі ўладамі і адпраўлены ў Сібір. Павел І яго вызваліў. У 1812 годзе брыгадны генерал К. Мараўскі ваяваў супраць Расійскай імперыі на баку імператара Францыі Напалеона.

Пад царскім скіпетрам Ракаў не прыйшоў у заняпад. На момант пачатку Вялікай вайны 1914-1918 гг. у мястэчку працавалі прыватныя прадпрыемствы, мануфактуры, ганчарныя майстэрні. У мястэчку на Іслачы не раз бывала Эліза Ажэшка. Пад Ракавам нарадзіўся філолаг, гісторык літаратуры і публіцыст Марыян Здзехоўскі (1861-1938). Шырокую вядомасць набыла і ураджэнка Ракава Іда Розэнталь (1886-1973), у дзявоцтве Кагановіч – вынаходніца сучаснага бюстгальтара, кіраўнік амерыканскай кампаніі «Maidenform». Адзначым таксама, што ў Ракаве пахаваны беларуска-польскі кампазітар Міхал Грушвіцкі (1828-1904). Зарах у мястэчку праводзіцца фартэпіянны конкурс імя гэтага кампазітара.

Ахвяра рыжскай мяжы

У цэнтры старых ракаўскіх могілак знаходзіцца прыгожая крыпта. Сярод іншых там пахавана Крысціна Друцкая-Любецкая, дачка апошняга гаспадара маёнтку Новае Поле (знаходзіўся ля Ракава) Гераніма Друцкага-Любецкага. Дзяўчына была забіта на савецка-польскай мяжы ў 1921 годзе.

Нарадзілася “Крыся” (так дзяўчыну называлі хатнія) 23 студзеня 1900 года. 2 лютага яе пахрысцілі ў Ракаве, пры гэтым хросным бацькамі князёўны былі Язэп Рэйтан і Ядвіга Кашоўская. У 1917 годзе дзяўчына некаторы час жыла ў Мінску, аднак пазней сям’я з’ехала на Палессе і вярнулася ў Новае Поле толькі зімой 1918 года. Калі нямецкія войскі пакінулі Беларусь сям’я пераехала ў Вільню, але хутка і гэты горад аказаўся ў руках бальшавікоў, а Друцкія-Любецкія з’ехалі ў Варшаву.

Калі польскія войскі пагналі Тухачэўскага на Усход Крысціна Друцкая-Любецкая паехала ў Парахонск. Там дзяўчына атрымала тэлеграму ад маці, якая прасіла дзяўчыну наведаць маёнтак у Новым Полі. Маладая князёўна выехала ў Баранавічы, а адтуль даехала да Стоўбцаў. З памежнай станцыі дзяўчына праехала фурманкай да Рубяжэвічаў у суправаджэнні польскага афіцэра. З Рубяжэвічаў дзяўчына пайшла пешшу і…памыліла дарогі. У пэўны момант князёўна ўбачыла ўзброеных чырвонаармейцаў, якія яе затрымалі і павялі ў вёску Целяшэвічы. Падчас знаходжання на памежнай заставе Крысціна пачула, што бальшавікі збіраюцца накіраваць яе ў Койданава, дзе быў штаб. Князёўна зразумела, што трэба бегчы. Калі бальшавікі дагналі бяглянку, то тая прапанавала ім грошы ў замен за свабоду. А калі адзін з бальшавікоў ударыў дзяўчыну, то Крысціна дастала кішэнны “Браўнінг” і стрэліла. Бальшавіцкі камандзір быў забіты. Наступным стрэлам Крысціна параніла іншага чырвонаармейца. Аднак трэці чырвонаармеец забіў дзяўчыну. Першапачаткова Крысціна была пахавана ў Койданава. Толькі ў сакавіку 1926 года сакратару Консульства Другой Рэчы Паспалітай у Мінску Тадэвушу Дабравольскаму ўдалося вярнуць цела ахвяры “рыжскай мяжы”.

На вакзале ў Стоўбцах маці і браты Крысціны сустрэлі труну з яе парэшткамі. 19 сакавіка 1926 года сям’я Друцкіх-Любецкіх накіравалася ў Ракаў. Першапачаткова парэшткі маладой князёўны памясцілі ў часовай магіле. 8 снежня 1926 года князёўну пахавалі ў крыпце, на каталіцкіх могілках Ракава.

Лёс авантурыста

Іншым сімвалам Ракава стаў знакаміты пісьменнік, а таксама кантрабандыст і авантурыст Сяргей Пясецкі. Гэты чалавек нарадзіўся ў красавіку 1901 года ў беларускіх Ляхавічах у сям’і шляхціча Міхаіла Пясецкага і беларускай сялянкі Клаўдзіі Кулаковіч. Хлопец з малалецтва меў бунтаркі дух. Аднойчы ён моцна пабіўся ў школе і ўпершыню трапіў у турму. Праўда там ён не затрымаўся і збег у Маскву. Імперыя Раманавых дажывала свае апошнія дні. Хутка Пясецкі вырашыў вярнуцца ў Беларусь, дзе ў 1918 годзе ўступіў у беларускія антыбальшавіцкія фарміраванні. Праз год пачалася польска-бальшавіцкая вайна. Калі войскі Пілсудскага ўвайшлі ў Мінск хлопец стаў польскім жаўнерам. Яму хацелася рабіць усё, каб перамагчы бальшавікоў. Вясной 1920 года Сяргея накіравалі ў школу падхарунжых пяхоты ў Варшаву. У траўні 1921 года Сяргей дэмабілізаваўся. Дзеля таго, каб “залезці ў галаву бальшавікоў”, польская выведка патрабавала такіх людзей як Пясецкі. Таму хутка Сяргей паступіў на службу ў Другі аддзел польскага Генеральнага штабу (выведкі).

У верасні 1922 года агент “Белы” (такі псеўданім атрымаў будучы пісьменнік) перайшоў савецка-польскую мяжу пад Стоўбцамі і накіраваўся ў Мінск. Пясецкаму атрымалася здабыць вельмі важныя дадзеныя аб дыслакацыі падраздзяленняў Чырвонай Арміі і пасля гэтага яго перавялі на службу ў выведвальны аддзел у Баранавічах Экспазітуры № 6 польскай выведкі ў Берасці-на-Бугу. Мала хто ведае, але выведвальная дзейнасць Сяргея Пясецкага была звязана з Бабруйскам.

Летам 1923 года ў дапамогу Пясецкаму прызначылі Антона Невяровіча з якім яны разам накіраваліся на тэрыторыю БССР. Галоўнай задачай агента “Белага” было стварэнне агентурнай сетцы ў трохкутніку Мінск-Бабруйск-Слуцк. У гэты ж час Пясецкі сумяшчаў прыемнае з карысным – займаўся выведкай і “цягнуў” праз мяжу кантрабанду. У савецкую Беларусь ішлі адзенне, ежа, а ў Польшчу “вярталася” золата, ювелірныя каштоўнасці, валюта.

Калі кантрабандны тавар скончыўся Пясецкі і Невяровіч вырашылі вяртацца ў Польшчу. Мяжу абодва перайшлі ў раёне Ракава ноччу 2 снежня 1923 года. Побач з  каталіцкімі могілкамі (ля вуліцы Мінскай)  яны напалі на мясцовых жыхароў і забралі ў іх рэчы і грошы. Раніцай абодвух супрацоўнікаў “Двуйкі” арыштавала польскай паліцыя, пасля чаго, іх перавезлі ў Навагрудак і змясцілі ў мясцовы следчы ізалятар.

Па гэтай справе Пясецкі адсядзеў у Навагрудку, а пазней у Вільне, 20 месяцаў. У траўні 1925 года Невяровіча выпусцілі пад залог. Праз год на волю выйшаў і Пясецкі. Відавочна, яму залічылі супрацу з польскай выведкай і пакаралі “па мінімуму”. Пасля гэтага абодва спрабавалі супрацоўнічаць з польскай выведкай, аднак без асаблівых поспехаў.

Калі “Двуйка” адмовілася ад паслуг Пясецкага, ён вымушаны быў вярнуцца да крымінальнага жыцця. Як адзначаюць шматлікія даследчыкі біяграфіі пісьменніка, у гэты час ён моцна “падсеў” на какаін. У ліпені 1926 года Пясецкі пад Лідай абрабаваў двух габрэяў. А праз месяц “Сярожка” разам з Антонам Невяровічам на шашы з Ліды ў Горадню напаў на габрэйскіх гандляроў Герца і Матлю Карчмера, Абрама Баярскага і іх спадарожнікаў.  У выніку, здабычай нападнікаў сталі польскія злотыя, амерыканскія долары, залатыя кольцы і іншыя каштоўныя рэчы. Пазней паліцыя затрымала ўраджэнца Ляхавіч Сяргея Пясецкага і ўраджэнца Мінска Антона Невяровіча. Падчас ператрусу пры іх знойдзены два рэвальверы “Наган” і адзін пісталет “Парабэллум” з патронамі”. Ужо ў камісарыяце паліцыі абодва прызналіся ў злачынстве. 30 верасня 1926 года вайскова-палявы суд у Лідзе прысудзіў злачынцаў да вышэйшай меры пакарання. Аднак пазней прэзідэнт Польшчы памілаваў злачынцаў і тыя атрымалі па 15 гадоў турэмнага зняволення.

У “Сярожкі” пачаўся новы этап жыцця. Пясецкі сядзеў у розных турмах, у тым ліку, і ў сумна вядомым “Святым Крыжы” пад Кельцамі. На асабістай справе былога агента “Белага” стаяла літара “N”, што азначала “небяспечны”. Чаму? Бо неаднаразова падымаў бунты вязняў. У перарывах паміж турэмнымі паўстаннямі былы агент „Белы” шмат пісаў. Першыя дзве яго кнігі, сярод якіх быў “Пяты этап”, затрымала адміністрацыя турмы. Яны не праходзілі па пытаннях цэнзуры. А вось “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” вырваўся са сцен “Святога Крыжа” на волю і дзякуючы падтрымцы Мельхіёра Ваньковіча ў 1937 годзе быў апублікаваны. Аўтабіяграфічная аповесць кантрабандыста, які дзейнічаў на савецка-польскім памежжы пад Мінскам, выклікала вялікую цікавасць у чытачоў шматлікіх краін. Пасля вызвалення “Сярожка” лячыўся ад туберкулёза ў Закапаным, а са снежня 1937 года па сакавік 1938 года жыў у маёнтку Раготна ў Навагрудскім ваяводстве. Там ён арэндаваў пакой у доме, які належыў Вандзе Райцэвіч. У 1938 годзе Пясецкага намініравалі на Нобелеўскую прэмію.

Мірнае жыццё літаратара са шпіёнскім мінулым было не доўгім. У верасні 1939 года Германія напала на Польшчу, а былы вайсковец-выведнік Пясецкі запісаўся добраахвотнікам у Корпус аховы памежжа ў Рыконтах. Пасля 17 верасня 1939 года Сяргей накіраваўся ў Варшаву, аднак, пасля таго, як сталіца пала, праз Беласток ён вярнуўся ў Вільню. У лютым 1940 года Пясецкі ўстанавіў кантакт з “Хаўрусам узброенай барацьбы” – польскай падпольнай арганізацыяй, з якой потым вырасла Армія Краёвая. У 1942-1944 гадах “Сярожка” (гэтым псеўданімам карыстаўся акавец Пясецкі) удзельнічаў у розных акцыях супраць немцаў. Калі стала зразумела, што былыя паўночна-усходнія тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай застануцца ў межах БССР Пясецкі пакінуў Польшчу. У Італіі ён уступіў у Другі польскі корпус пад камандаваннем генерала Уладзіслава Андэрса. Пасля гэтага выехаў у Вялікабрытанію. Там шмат пісаў, працаваў на пошце, выкладаў рускую мову. Менавіта на Брытанскіх астравах ў 1948 годзе нарадзіўся раман “Нататкі афіцэра Чырвонай Арміі”, у якім пісьменнік высмейваў савецкую рэчаіснасць на далучаных да СССР польскіх тэрыторыях. Памёр Сяргей Пясецкі ад рака ў 1964 годзе. Пахаваны ў Гасцінгсе. У 2019  годзе ў Ракаве з’явіўся помнік у памяць С. Пясецкага. На ім бачна выява сузор’я Вялікай Мядзведзіцы. Гэта не толькі напамін пра самы вядомы літаратурны твор гэтага чалавека, але і ўзгадка пра яго маладосць, калі з залатымі царскімі чырвонцамі і наганам ў кішэні ён з Ракава хадзіў у Заслаўе, Мінск і Бабруйск і ўсё памежжа ведала “Сярожку”, якога так любіла ўдача.

На «мяжы цывілізацый»

У 1921-1939 г. Ракаў знаходзіўся на самай мяжы паміж Польшчай і савецкай Беларуссю. У пачатку 1920-х гадоў у мястэчку было больш за 80 рэстаранаў, звыш 130 крам, а таксама некалькі казіно і публічных дамоў. У кожным рэстаране працаваў свой невялікі аркестр, які выконваў самую модную музыку таго часу – «факстрот». Такі росквіт быў звязаны з дзейнасцю кантрабандыстаў. Побач з мяжой быў вялікі горад – сталіца БССР Мінск, які «патрабаваў» вялікую колькасць «буржуазных тавараў». Аднак з 1924 года савецка-польскую мяжу з польскага боку пачаў ахоўваць Корпус аховы памежжа (КАП) і мяжа перастала быць «прахадным дваром». З польскага боку кардон ахоўвала памежная рота КАП “Ракаў” (стражніцы: “Кучкуны”, “Мінская”, “Паморшчына”, “Душкава”). У сваю чаргу, з савецкага – мяжу пільнавалі памежнікі 15-га памежнага атрада НКУС БССР з Заслаўя. А калі ў пачатку 1930-х гадоў савецкія ўлады пачалі будаваць памежныя ўмацаванні, то большасць памежных хутароў, якія выкарыстоўвалі кантрабандысты, былі знішчаны, а іх жыхароў дэпартавалі.

У пачатку Другой сусветнай вайны ў Ракаве з’явіліся шматлікія савецкія дыверсанты. 17 верасня 1939 г. Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую мяжу і ўжо ў першыя гадзіны ўварвання была ў мястэчку на Іслачы. Здымак таго, як савецкія танкі і машыны едуць праз Ракаў на Захад апублікавалі шматлікія тагачасныя савецкія газеты. У 1940-1941 гг. значная частка мясцовага насельніцтва была рэпрэсавана савецкімі ўладамі. Падчас Другой сусветнай вайны габрэйскае насельніцтва мястэчка стала ахвярай халакоста. Пасля заканчэння вайны, калі стала зразумела, што Ракаў застанецца ў межах БССР, вялікая колькасць мясцовых жыхароў польскага паходжання вырашыла на заўсёды з’яехаць з родных мясцін у Польшчу.

Зараз Ракаў – гэта невялікі аграгарадок у Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Сёння галоўнымі архітэктурнымі ўпрыгожваннямі мястэчка з’яўляюцца Спаса-Праабражэнская царква (1793 г.) і Касцёл Найсвяцейшай паны Марыі Ружанцовай (1904 г.). А вось пра былую веліч “эпохі кантрабандыстаў” у Ракаве амаль нічога не нагадвае. Ды і сярод мясцовых жыхароў зараз ужо шмат тых, хто прыехаў з іншых абласцей Беларусі і амаль нічога не ведае пра багатую гісторыю колішняй “сталіцы каханкаў Вялікай Мядзведзіцы”. Разам з тым, памяць пра міжваеннае дваццацігоддзе і даваенную мяжу захоўваецца дзякуючы мясцовым аматарам беларускай гісторыі. А экскурсія “Мяжа была пад Мінскам 1921-1941 гг.”, якую праводзіць аўтар артыкула дае выдатнае ўяўленне пра ўсе бакі функцыянавання той “мяжы цывілізацый”.

Аўтар: Ігар Мельнікаў