Адам Міцкевіч

Запрашаем спадарства на чарговую сустрэчу  з цыкла “Месцы і людзі”. Запрашаем у сентыментальнае падарожжа па мясцінах, якія ў нашым  уяўленні аб’ядноўваюць дзве прасторы: польскую, беларускую. А  часам нават трэцюю – літоўскую. Тэмай сённяшняй сустрэчы з’яўляецца Адам Міцкевіч, а дакладней яго сябры. У Беластоку на Варшаўскай вуліцы ёсць ліцэй N6 імя Жыгімонта Аўгуста. Гэта даўняя мужчынская гімназія Жыгімонта Аўгуста, якая  выхавала многіх паважаных выпускнікоў. Сярод іх былі сябры Адама Міцкевіча. Калі мы звернемся да прысвячэння  да  трэцяй часткі “Дзядоў”,  мы заўважым прозвішча Яна Сабалеўскага. Гэта між іншым яму аўтар прысвяціў трэцюю  частку “Дзядоў”. Экспертам сённяшняга спаткання з’ўляецца прафесар Данута Завадская,  літаратуразнаўца, спецыяліст па літаратуры ХІХ ст., літаратуры рамантызму. Асоба, якая апісала таварыства філаматаў і высветліла, што іх шляхі вядуць да Беластока і яго ваколіцаў.

– Ці беластоцкія філаматы сапраўды падарожнічалі ў Вільню?  Яны стваралі рэчаіснасць рамантызму,  калі вучыліся ва  ўніверсітэце  разам з Міцкевічам ці ў часах  паміцкевічаўскіх?  

– Канешне, гэта было насамрэч. Філаматы – гэта адзін з саюзаў моладзі , які дзейнічаў у часы  Міцкевіча ў Віленскім універсітэце. Яны паходзілі з розных мясцін. Гэта быў таксама саюз, які культываваў  айчынныя  карані. Таму былі філаматы і з Мінска , і, канешне з Вільні, але былі таксама філаматы з Беластока. Бо тут функцыянавала гімназія ў рангу  падфакультэтнай школы Віленскага  ўніверсітэта. І адпаведна пасля заканчэння гімназіі (часам навучанне доўжылася   шэсць гадоў), моладзь кіравалася менавіта ва ўніверсітэт у Вільні. Таму многія выпускнікі з Беластока апынуліся там у часы, калі сам Міцкевіч вучыўся ў гэтай установе. Некаторыя з іх былі ў цесным філамацкім коле, таму што філаматы- гэта таксама філарэты, так званае Таварыства прыемнай забавы, або  інакш фракцыя,  якая дзейнічала легальна, бо філаматы былі тайным таварыствам. Але ў гэтым тайным таварыстве

таксама былі і вельмі паважаныя беластаччане . Да іх належаў Міхаіл Рукевіч, пра якога мы ўжо трошкі ведаем, дзякуючы, між іншым, даследаванням беластоцкіх гісторыкаў. Мы ведаем, што ён жыў на Варшаўскай вуліцы ў сваім доме. Міхаіл Рукевіч быў сябрам Міцкевіча, у якога Міцкевіч павінен быў спыніцца. Але гэтага не адбылося, бо яго арыштавалі падчас працэсу філаматаў. Міцкевіч павінен быў прыехаць да яго ў Завыкі, што знаходзяцца ў ваколіцах Суража. Сам Рукевіч нарадзіўся ў Гвозне, што пад Заблудавам. Але ў прысвячэнні, пра якое мы гаворым, Рукевіча няма, таксама ён трохі выпаў з канону памяці рамантызму,  бо яго арыштавалі пазней. З гэтага следства, фігурантам якога  быў Міцкевіч, Міхаіл Рукевіч, як гаворыцца,  змог выкруціцца. Потым ён вярнуўся ў Беласток і ўцягнуўся ў яшчэ больш сур’ёзную дзейнасць,  за якую  ў выніку быў арыштаваны. Ён    быў

прыгавораны да смерці, якую пазней замянілі  пажыццёвым  пазбаўленнем волі. З Сібіры ён ужо не вярнуўся. Аднак у прысвячэнні ёсць тыя, хто быў асуджаны разам з Міцкевічам і нават ехаў з ім y адной кібітцы. І гэта быў акурат жыхар Беластока Ян Сабалеўскі – настаўнік з  Крожаў, што ў Літве. Ён, відаць,  быў дасканалым фізікам і настаўнікам, бо ў яго абарону  вучні стварылі саюз, за што потым таксама трапілі пад  пераслед. Другім жыхаром Беластока з гэтых трох філаматаў, якія ёсць у прысвячэнні, быў Кіпрыян Дашкевіч – выдатны гісторык і надзея вялікага гісторыка Іаахіма Лялевеля – яго супрацоўніка нават  у высылцы ў Расіі. Таму гэта вельмі здольныя людзі, якія трапілі ў прысвячэнне , бо памерлі. Калі паўставала трэцяя частка “Дзядоў”, памерлі тры філаматы,  і Міцкевіч вырашыў прысвяціць свой твор акурат тым калегам, якія склалі найвышэйшую ахвяру. Таму ў  прысвячэнні да трэцяй часткі  тры асобы. Першапачаткова, як мы можам заўважыць у рукапісе,  Міцкевіч разважае аб тым, каб прысвяціць архідраму Яну Чачоту – свайму сябру са школьных гадоў у Навагрудку. Але аўтар быў пад уражаннем смерці. Уражанне было вельмі траўматычным для Міцкевіча і да таго было  ўзмоцнена комплексам чалавека, які выжыў, бо ў яго атрымалася выехаць з Расіі, у адрозненне  ад яго сяброў. Таму гэта быў жэст, які ахінуў беластоцкіх філаматаў. Адсюль прыбыло многа асобаў ў гэтыя віленскія арганізацыі. Сувязі Беластока з Вільняй ці ўвогуле з Літвой, у  тагачасным шырэйшым разуменні, з’яўляюцца відавочнымі і вельмі моцнымі. Думаю пасля Другой  сусветнай вайны ў калектыўным уяўленні пачалося спрошчванне гэтых саюзаў і мы асацыіруем сёння філаматаў з Вільняй. Але насамрэч там былі людзі з розных мясцін , шмат з Беластока.

–  З сённяшняй Беларусі таксама?

– Так, напрыклад Томаш Зан – з Мінска. І гэта, можна сказаць, аналогія, таму што Зан напачатку дзейнічаў ў так званым Таварыстве шасці – гэта былі людзі, якія  прыехалі ў Вільню з мінскай гімназіі. Так было прынята, што людзі, якія паходзілі з аднаго горада, трымаліся разам. І гэта акурат яны прадстаўлялі першы такога тыпу саюз у чужым горадзе. Але трэба зазначыць, што моладзевыя саюзы на пачатку ХІХст. былі вельмі папулярныя. Гэта была ў нейкім сэнсе зразумелая і спантанная рэакцыя ў  дыспатычнай і абсалютысцкай Эўропе. Маладыя людзі адчувалі сябе адкінутымі, таму сяброўства было чымсьці вельмі істотным. Аб’ядноўваліся ў гэтыя саюзы – яны былі модныя, забароненыя не толькі ў Вільні, але і ў Варшаве, бо перашкаджалі ўладам утрымліваць грамадскую дысцыпліну.

– Тады існавала патрэба ў аб’яднанні моладзі?

– Так.  Не толькі моладзі. Я думаю, гэта з’ява, да якой варта прыглядзецца. Мы з ёй сустракаемся і ў літаратуры. У адным з апавяданняў Жорж Санд можна прачытаць, што паўсядзённае жыццё, якое сімвалізавалі вялікія ўладары  гэтага свету, мела і іншы бок: акурат тайныя саюзы, якія дазвалялі людзям зблізіцца, дзе было больш утульна , бяспечна, таксама перад абліччам гэтай прынцыпова неспрыяльнай улады, асабліва ў Польшчы, дзе мы не мелі сваёй дзяржавы.

– Шаноўнае спадарства, Ян Сабалеўскі-  гэта найбольш вядомы філамат, гэта чалавек, які лічыцца пакутнікам,  бо з літаратуры мы яго памятаем па апавяданні, у якім ён апавёў пра высылку студэнтаў і гімназістаў са Жмудзі. Нашае падарожжа і размова пра беластоцкіх філаматаў, між іншым аб Міхаіле Рукевічы, паказвае што варта паглядзець на філаматаў трошкі інакш, вылучыць іх з трэцяй часткі “Дзядоў” і разглядзець у асобна іх біяграфіі. Гэта спецыфічны і каштоўны досвед, які  паказвае, што калі працягнуць руку і пакапацца ў гісторыі, можна заўважыць,  што вялікая гісторыя знаходзіцца побач з намі, толькі мы яе вельмі часта не заўважаем. Сённяшнюю сустрэчу мы заканчваем і запрашаем на наступныя. Мы застаёмся ў коле рамантычнага ўяўлення Госцем сённяшняй сустрэчы была прафесар Данута Завадская. Вялікі дзякуй. А спадарству дзякую за ўвагу.