Хаця сціпласць любіла яго, ён славіўся перад іншымі… Францішак Карпінскі

Аўтар найпрыгажэйшых польскіх рэлігійных песень, такіх як “Бог нараджаецца”, і “Усе нашы паўсядзённыя справы” Францішак Карпінскі добрую частку свайго жыцця правёў на тэрыторыі сённяшняй Беларусі, у маляўнічых ваколіцах Белавежскай пушчы. Калі ён тут асеў, быў ужо вядомы, выдаў некалькі сваіх кніг і, нават, пазнаёміўся з каралём. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі сустрэўся з Карпінскім у 1783 годзе, калі апошні ва ўзросце 42 гадоў прыехаў у Варшаву. Там Карпінскі атрымаў магчымасць займацца ўсім тым, што яму насамрэч падабалася. Працаваў са зборамі князёў Чартарыйскіх, выдаваў свае новыя кнігі. Стаў знакамітым, адным з выбітных польскіх паэтаў эпохі Асветы і вядучым прадстаўніком пачуццёвага напрамку ў паэзіі.