Гродна ў часы Станіславава

Гродна – для Беларусі асаблівае месца. Ні адзін іншы горад не захаваў так шмат старога горада, як з гледзішча займанай прасторы, так і з гледзішча стылістычнай разнастайнасці. Гэта горад, у якім адбываліся падзеі, якія паўплавалі на лёс цэлай краіны – Рэчы Паспалітай абодвух народаў. Ва ўсякім разе, ні адзін іншы беларускі горад не захаваў настолькі дух гэтай краіны з усімі яе дасягненнямі і недахопамі. XVIII стагоддзе, а дакладней яго другая палова, было для Гродна часам крыху парадаксальным. З аднаго боку краіна ўсё больш паглыблялася ў анархію, і з кожным разам усё горш выглядала на фоне суседзяў. А з другога боку – наступіў росквіт мастацтва, культуры, архітэктуры. Гродна ў тыя часы быў важнай вялікакняскай і каралеўскай рэзідэнцыяй, аб чым сведчыць каралеўскі палац – Новы замак.