Крэва

Добры дзень, спадарства. Перад намі наступная серыя  цыкла “Месцы і людзі”. Мы адведаем землі былой Рэчы Паспалітай, а дакладней Гарадзеншчыны, для таго каб пазнаць гісторыю не толькі тых мясцаў, але і людзей, якія іх стваралі. У сённяшнім эпізодзе мы завітаем у Крэва і Гальшаны. Назвы гэтых месц можна знайсці ў падручніках. Вучні могуць асацыіраваць Крэва з Крэўскай уніяй, у той час як Гальшаны не з’яўляюцца вельмі вядомым месцам. Але, прыязджаючы туды з Навагрудка пасля наведвання навагрудскага фарнага касцёла, мы даведваемся, што акурат у фары браў шлюб Ягайла з Соф’яй Гальшанскай – так званай Сонькай. Менавіта да яе нас і прыводзяць Гальшаны. У сённяшнім эпізодзе мы пагаворым аб гэтых асаблівых месцах з прафесарам нашага Беластоцкага ўніверсітэта Алегам Латышонкам, які  перадусім займаецца гісторыяй Беларусі і зямель агульнай польска-беларускай спадчыны. Знаходзячыся сёння перад руінамі Крэўскага замка, які з’яўляецца вельмі важным месцам для нашай агульнай гісторыі, як вы лічыце, чым была Крэўская унія з перспектывы сучаснасці? Якія мажлівасці яна дала нашым продкам?

Крэўская унія па сённяшні дзень выклікае спрэчкі паміж польскімі і літоўскімі гісторыкамі аб тым, ці была далучэннем Літвы да Польшчы, ці ўсё ж гэта было федэратыўнае пагадненне. Але, на маю думку, з сённяшняга пункту гледжання, гэта не з’яўляецца настолькі істотным. Быў акт, дзяржавы аб’ядналіся, і для негісторыкаў не важна, якое гэта было аб’яднанне ў юрыдычным сэнсе,  важна, як яно адлюстравалася на будучыні. Саюз, які быў заключаны ў Крэве, захоўваўся на працягу соцень гадоў, і гэта з’яўляецца самым важным. Але ліцвіны і частка беларусаў лічаць, што Ягайла прадаў радзіму палякам за руку каралевы. Але мы павінны глядзець на гэта з  пункту гледжання сярэднявечча і самога Ягайлы. Я не магу сабе ўявіць, каб сярэднявечны ўладар  не пагадзіўся б на такую добрую прапанову. Ён павінен быў пагадзіцца. І ў выніку на доўгі час аб’ядналіся краіны, якія ўзбагацілі сваю культуру, якая жыве па сённяшні дзень. Кожны з нас глядзіць на гэта як на сваю спадчыну.

Я была ў Гальшанах і гэта, вядома, таксама руіна. Але гэтае месца асацыіруецца не толькі з Соф’яй Гальшанскай. Якія яшчэ постаці  мы можам сюды ўключыць?

Гэты замак належаў магутнаму роду Сапегаў, які ўвайшоў у гісторыю Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы. Ва ўсялякім выпадку цяпер ён знаходзіцца ў стане рэканструкцыі.

Гэта нават мае прыгожую назву – пастаянная руіна.

Я калісьці быў праціўнікам рэканструкцыі замкаў, прынамсі ў такой форме, як гэта робіцца ў Гальшанах. Гэта варта рабіць, каб людзі ведалі, што тут раней было. Розныя падзеі пазбавілі нас столькіх помнікаў архітэктуры, што нават іх макеты маюць сваю каштоўнасць.

У галерэі мужчынскіх гераічных постацяў, якія перапаўняюць гісторыю, мы часта  не надаем увагі  жанчынам, хаця яны падсвядома тварылі гэтую гісторыю. Ці належыць Соф’я Гальшанская да такіх постацяў?

Так. Хаця яе не любіў і зняславіў Ян Длугаш.

Ну, такі чорны піяр.

Але яна была маці каралёў – трэба аб гэтым памятаць. Яе сыны кіравалі Польскім Каралеўствам і Вялікім Княствам Літоўскім. Як іх маці, яна напэўна мела на іх вялікі ўплыў. Але вядома таксама, што яна ўплывала не толькі на сыноў, але і на самога Ягайлу.

Гэта маладая дзяўчына, якая выходзіць замуж за сталага мужчыну.  Пры гэтым яна здольная знайсці сябе і пакінуць след у гісторыі. З перспектывы часу мы ацэньваем яе вельмі пазітыўна.

Шаноўнае спадарства, сённяшнюю серыю мы прысвяцілі двум месцам, якія звязаны найперш з Ягелонамі. Гэтыя падарожжы, якія мы здзяйсняем, вядуць нас да самых розных і таямнічых мясцаў, якія мы ведаем толькі з падручнікаў па гісторыі. Таму заахвочваем вас паглядзець на іх інакш – праз прызму канкрэтных постацяў, якія насялялі тыя мясціны, а таксама праз прызму ўяўлення і асабістага погляду на прастору, якая, магчыма, адкрые свае таямніцы. Дзякую за ўвагу.