Поўнач сённяшняй Гродзеншчыны, гістарычная Віленшчына, – тая частка Беларусі, дзе, напэўна, найбольш захаваўся дух былога Вялікага Княства Літоўскага, прычым кожнага перыяду яго існавання. Тут можна знайсці руіны сярэднявечных замкаў, што памятаюць князя Вітаўта і караля Ягайлу, шматлікія шляхецкія рэзідэнцыі часоў росквіту Рэчы Паспалітай, барочныя касцёлы часоў яе заняпаду. Беларусь часам называюць краінай замкаў. Калісьці так і было, але сёння большасць замкаў ляжыць у друзах і толькі некаторыя з іх дачакаліся аднаўлення. Сярод іх замак у Крэве, адзін з найстарэйшых беларускіх замкаў. Крэпасць гэта была пабудавана на пачатку ХІV стагоддзя, або, па некаторых дадзеных, у яго канцы, на забалочаным месцы каля сутокаў рэк, сёння фактычна ручаёў, Шляхцянкі і Краўлянкі. Менавіта тут, у Крэве, адбываліся падзеі, што паўплывалі на некалькі наступных стагоддзяў гісторыі Беларусі, Польшчы і Літвы.
– агульная спадчына, агульная памяць. Інтэрнэт даведнік