Добры дзень, шаноўнае спадарства. Мы зноў сустракаемся ў незвычайным цыкле, які вядзе нас па даўніх землях Рэчы Паспалітай. У сённяшняй серыі мы пазнаёмімся з Нясвіжам. Да Нясвіжа першы раз я паехала пад канец 90-ых гадоў і ўбачыла вельмі прыгожае месца з вялікім патэнцыялам, але пры гэтым месца-руіну. Мы даведаліся, што раней яно ўяўляла сабой санаторый для працаўнікоў калгаса. Пазней я даведалася, што гэта месца пачалі аднаўляць, рэстаўраваць. Прыкладна праз дзесяць гадоў, калі я зноў наведвала Нясвіж, адкрылася магнацкая рэзідэнцыя. Гэтая адноўленая рэзідэнцыя мела ў сабе незвычайнасць пабудовы , якая хавала шмат таямніц мінулага. Нясвіж – гэта не толькі замак, гэта таксама касцёл са скляпеннямі, у якіх знаходзяцца продкі Радзівілаў. Аб спатканні з Нясвіжам мы паразмаўляем сёння з прафесарам Алегам Латышонкам, чалавекам, які адкрыў таямніцы Рэчы Паспалітай на тэрыторыі сучаснай Беларусі і спецыялізуецца на папулярызацыі спадчыны, якая прыгадваецца сёння і набірае асаблівае значэнне ў сітуацыі, калі людзі шукаюць ідэнтычнасці і хочуць памятаць аб мінулым тых мясцінаў, з якіх паходзяць.
Шаноўны прафесар, Нясвіж- гэта месца, пра якое можна размаўляць гадзінамі. Калі б вы павінны былі скласці турыстычны маршрут, куды б вы накіравалі звычайнага турыста, які прыехаў з краіны, дзе з агульнай беларуска-польскай памяццю знаёмяцца, але вельмі памалу, паступова?
Я б не адважыўся выбіраць. Нясвіж- гэта комплекс, адразу пабудаваны кампактны. Грунтоўна прадуманы. Таму яго трэба наведваць адразу цалкам, прысвяціўшы цэлы дзень. Выбраць штосьці канкрэтнае не атрымаецца. Нявіж- гэта Радзівілы, гэта не мястэчка – гэта магутнасць роду Радзівілаў, якія на працягу соцень гадоў прымалі рашэнні ў справах Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, якія былі уплывовымі да канца, пакуль Нясвіж ім належаў. Варта сказаць, што Радзівілы ўдзельнічалі не толькі ў справах Польшчы ці Літвы, але і Беларусі. Напрыклад, яны падтрымалі стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе. Такім чынам, гэта быў род, які, я б сказаў, існаваў па-над усімі нацыянальнымі (этнічнымі) падзеламі. Я нават калісьці прыдумаў, што Радзівілы былі радзівілаўскай нацыянальнасці. Гэта ўсё сведчыць аб іх магутнасці,уплывовасці.
Абсалютныя людзі Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.
А нават звыш гэтага. Бо варта ўзгадаць, што гэта былі вялікія магнаты, якія, дзякуючы сваёй магутнасці, заслужылі тытул князёў Рымскай імперыі германскай нацыі. І гэта сведчанне таго, як яны вырашалі свае справы.
Нясвіж гэта хіба што самая ўдалая рэканструкцыя будынка магнацкай рэзідэнцыі ў Беларусі?
Не адбылося без болю, таму што падчас першай рэканструкцыі барочныя дэталі былі замененыя нейкімі расійска-маскоўскімі. Разгарэўся скандал, трэба было гэта прыбіраць. Гаворка ідзе, напрыклад, пра шпілі вежаў, уязную браму. Таму не без болю, але ўсё ж рэканструкцыя скончылася так, як трэба.
Сёння мы ведаем, што Радзівілы наведваюць Нясвіж, яшчэ жывуць нашчадкі роду. Калі б вы маглі выбраць такога Радзівіла, да якога чуеце вялікі сантымент, хто б гэта быў?
Калі казаць пра Радзівілаў, то мне імпануе Мікалай Радзівіл, муж Магдалены Радзівіл з дома Завіша-Кезгайла, які адразу падтрымаў беларускасць . На жаль, ён загінуў падчас Першай сусветнай вайны ва Усходняй Прусіі. Лёс чалавека, які, на маю думку, калісьці б узначаліў беларускае войска, на жаль, такім чынам скончыўся.
Шаноўнае спадарства, Нясвіж насамрэч з’яўляецца месцам, якое пабуджае да разважанняў і хавае мноства таямніц. Гэта і рэзідэнцыя, аб якой мы размаўлялі, і цудоўны барочны касцёл. Гэта таксама наваколле, таму што Нясвіж, як і многія мястэчкі Рэчы Паспалітай, быў полікультурным, і сёння можна знайсці сляды гэтых разнастайных культур і рэлігій. Мы заахвочваем вас да знаёмства з Нясвіжам. Калі ў вас будзе такая магчымасць – абавязкова з’ездзіце туды, узброіўшыся турыстычным даведнікам і базавымі ведамі, але перадусім фантазіяй. Бо гэта мясціны, праз якія прайшла гісторыя глыбока схаваўшы некаторыя элементы. Таму тут патрэбны ўвага і адчувальнасць да адбору інфармацыі і розных гістарычных аповедаў, каб выпрацаваць у сабе пэўнае гістарычнае бачанне. Дзякую спадарству за ўвагу.