Вітаю спадарства ! У сённяшняй серыі цыкла “Месцы і людзі” павандруем трохі далей. Да гэтага часу наведвалі Гарадзеншчыну і яе ваколіцы, а сёння наведаем мяжу Першай Рэчы Паспалітай- Ракаў. Калі знаходзішся там, можна заўважыць фізічна сляды даўняй мяжы. Я заўсёды пачынаю з могілак. Гэта месца, дзе бачна плынь часу, а таксама дзе сустракаюцца мінулае і дзень сённяшні, бо бачым магілы з розных гадоў.Ракаў для многіх гісторыкаў, даследчыкаў літаратуры асэнсоўваецца з авантурамі і постаццю Сяргея Пясецкага, яго нетрадыцыйным падыходам да жыцця. Гэта постаць шматфарматная, незвычайная і супярэчлівая . Пра Сяргея Пясецкага і тое, што адбывалася ў Ракаве ў тыя часы, размаўляю з прафесарам Беластоцкага ўніверсітэта Алегам Латышонкам, гісторыкам, які вельмі шануе меркаванні аб гісторыі колішняй Рэчы Паспалітай і супольнай гісторыі Польшчы і Беларусі.
– Спадар прафесар, як з тым Пясецкім было, ці сапраўды быў кантрабандыстам?
– Слаба сказана. Яшчэ і разбойнік, шпіён, партызан, чалавек, які меў вельмі багатае жыццё, легендарная постаць, яго аповесці сталі культавымі, у першую чаргу “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”. Дзякуючы твору, Ракаў стаў культавым месцам.Цяпер гэтае мястэчка ведаюць, дзякуючы яму. Мястэчка знаходзіцца пры колішняй мяжы, якая першы раз там паўстала і нешта дзяліла. Для людзей, якія там жылі, Мінск быў бліжэйшым вялікім горадам. Пясецкі быў адтуль, аб ім распавядае трылогія. У Мінску ён уступіў у беларускі аддзел польскага войска, быў беларускім партызанам, потым польскім шпіёнам. Калі яго паслугі як шпіёна перасталі быць патрэбныя, заняўся кантрабандай і трапіў у паліцыю за напады на купецкія караваны.Стаўленне да яго польскіх пісьменнікаў, перад усім Ваньковіча, дапамагло выйсці з турмы. У часе Другой сусветнай вайны выконваў прысуды над здраднікамі ў Вільні. Цэлае жыццё займаўся справамі таемнымі цяжкімі, поўнымі рызыкі.
– А як гісторыя ацэньвае Пясецкага, трактуе яго дзеянні?
– Перад усім гэта вядомы пісьменнік,і ніхто не спрабуе ацэньваць яго як чалавека…Былі такія часы, рабіў кепскія рэчы, але змагаўся за незалежнасць і Польшчы, і Беларусі. Ніхто не мае намеру яго асуджаць,у тым ліку аўтары прац аб ім. Галоўнае – як пісаў.
-І што па сабе пакінуў. Тут ўзгадвалі “Каханка Вялікай Мядзведзіцы”
– Плюс Мінская і Віленская трылогіі
– А беластаччане ведаюць яго як аўтара “Запісак афіцэра Чырвонай арміі”. Нязвыклая гісторыя, якую амаль сорак гадоў бачым у Беластоцкім драматычным тэатры. Падазраю, што шмат хто зацікавіўся лёсам Пясецкага, што ён рабіў і адкуль браў тэмы твораў. Аб яго постаці і аб Ракаве размаўлялі з прафесарам Алегам Латышонкам. Запрашаю спадарства на чарговую праграму.